Адзін шэры, другі белы…

14.10.2013

Гусі, куры, індыкі і нават фазаны. Такія свойскія птушкі, ці як яшчэ іх называюць, сельскагаспадарчыя, "ходзяць у любімчыках" у многіх жыхароў Полацкага раёна. Многія гаспадары трымаюць на падвор'і толькі кур, дзеля яек і мяса. Іншыя адважваюцца пасябраваць з індыкамі і гусямі. І гэта ў іх паспяхова атрымліваецца.
Сёння мы пазнаюмімся з лепшымі з лепшых птушкаводамі-аматарамі Полацкага раёна. Іх вызначыў раённы рэйтынг, які праводзіўся на працягу бягучага года. У лідары выйшла Марына Костык з вёскі Азіна, другі радок у рэйтынгавай табліцы заняла Валянціна Міхайлава з вёскі Палучча Маласітнянскага сельсавета, на трэцім радку – Зінаіда Камянькова з аграгарадка Палата.

У птушыным царстве
Дом Сям'і Костык у вёсцы Азіна знаходзіцца недалёка ад возера Белае. У летнюю пару сюды на адпачынак прыязджаюць палачане і новапалачане з дзецьмі. І малыя адразу бягуць да птушынага вальера, дзе адной вялікай сям'ёй жывуць пеўні з курачкамі, прыгожыя качкі, гусі і індыкі. Рабятам цікава на іх паглядзець. Ёсць тут цыпляты і індычаняты, яны ж - міленькія, у горадзе такіх нідзе не ўбачыш! А дарослыя птушкі якія цікавыя: грацыёзныя і вельмі рухавыя!
Гаспадыня птушынай гаспадаркі Марына Аляксееўна расказала, што птушак у іх на падвор'і – больш за 60 галоў.

"Не разумею, як жыць у вёсцы і не трымаць на падвор'і жывёлу ці птушку", - разважала ўслых маладая жанчына і паведаміла, што раней яны з мужам разводзілі трусоў. Іх было 600 галоў. Але потым з-за алергіі ў гаспадыні на пух, прыйшлося з імі развітацца.
Спачатку завялі курэй і пеўня. Потым у суседзяў купілі пару індакачак. Да іх кампаніі далучылі індыкоў. Калі Марына Аляксееўна ўбачыла маленькіх качак – не ўтрымалася, купіла. І так паступова птушыная гаспадарка расла. Гаспадыні і яе дачцэ Алене заўсёды самім цікава назіраць, як падрастаюць маленкькія птушаняты. З цягам часу яны навучыліся вырошчваць птушак са сваіх куранят. Дапамагае ў гэтай справе індычка: можа вывесці і індычкоў і індакачак. Вось такі ў яе моцны мацярынскі інстынкт!
Марына Аляксееўна заўважыла, што мяса свойскай птушкі – смачнае і дыетычнае. Уся сям'я з задавальненнем перайшла на стравы з птушкі, і ўсе сябе добра адчуваюць.
Колькі штодзень патрэбна ежы для пярнатай братыі? Гаспадыня адказала, што з'ядаюць птушкі вядро зерня і 40-літровую флягу варанай бульбы. Апетыт у іх - на зайздрасць!
Хутка зіма, на падвор'і гаспадары плануюць пакінуць толькі тых птушак, якія ім патрэбныя для развядзення. Астатніх пусцяць на мяса, якога хопіць да вясны. Цікава, што застануцца зімаваць тры гусі – адзін гусь і дзве гусыні. Вясной яны выведуць гусянят. Цікава, што гусь сам выбраў для сябе "сябровак", і незвычайна, што дваіх. Вось якія ў птушак вернасць і каханне!

Што рабіць з пер'ем і пухам – жанчыны пакуль не вырашылі, але думкі пра выраб падушак і коўдраў ёсць.
Жанчыны расказалі, што паводзіны ў птушак – розныя. Гусі часам гучна крычаць, не любяць малых птушанят. Могуць шыпець на іх, кляваць. Не заўсёды добразычліва ў птушыным царстве прымаюць навічкоў. Заўсёды зноўдуцца "задзіры", якія патрапаюць ім пер'е. Калі мы завіталі на падвор'е, бачылі, як курыца ганялася за кацянём з мянушкай Клякса. Каб пазбавіцца ад пагоні, кацянё было вымушана ўзабрацца на вышыню, дзякуй Богу - яно ўмее гэта рабіць!
Мы яшчэ доўга размаўлялі пра тое, што кожная хатняя птушка патрабуе пэўнага догляду. Даведаліся, што прасцей за іншых даглядаць гусей і качак. Яны добра прызвычаіваюцца да жыцця. Маленькія індыкі любяць цёплыя, сухія памяшканні, маюць патрэбу ў вітамінах, вельмі баяцца розных інфекцый. Курам у зімовы перыяд трэба павялічваць светлавы дзень, каб яны няслі яйкі...
Мы прыйшлі да высновы: разводзіць птушак няпроста, але вельмі цікава!
На развітанне Марына Аляксееўна расказала пра сваю любоў да кулінарыі. Любімая страва іх сям'і – тушаны з агароднінай гусь у мульціварцы. Дачка Алена паведаміла, што мама вельмі добра ўмее гатаваць. Адзін з яе рэцэптаў нават надрукавалі ў часопісе "Залатыя рэцэпты"! А яшчэ ў Марыны Аляксееўны ёсць мара. Паколькі часта за яе птушкамі назіраюць гарадскія дзеці – гаспадыня хоча, каб каралём іх птушынага царства стаў паўлін... Распусціць гэтая прыгожая птушка хвост – і атрымаюць задавальненне не толькі дзеці, але і дарослыя!
У вёсцы – лепш!
Валянціна Міхайлаўна і Валерый Міхайлавіч Міхайлавы з вёскі Палучча Маласітнянскага сельсавета перабраліся жыць у сельскую мясцовасць з горада не вельмі даўно. Спачатку прыязджалі сюды, як на дачу, а потым, як выйшлі на пенсію, - зусім пераехалі.
"Не хачу ў горад ні на хвіліну, там сумна і рабіць няма чаго!" – расказала Валянціна Міхайлаўна і абгрунтавала сваю думку: "Тут я рухаюся, даглядаю гаспадарку, ёсць цікавасць да жыцця".
Гаспадарку яны з мужам трымаюць вялікую. Толькі птушак - каля 90 галоў. Куры, індыкі, гусі і нават фазаны штодзень патрабуюць увагі.
Раніца ў пенсіянераў пачынаецца ў 5 гадзін. Трэба ж усіх накарміць. Любяць птушкі зерне, крапіву, бульбу, буракі. Больш за ўсіх гаспадыня любіць гусей: яны самі пасуцца, шукаюць патрэбны корм, а як убачаць яе – гагочуць ад радасці!
Курэй Валянціна Міхайлаўна выводзіць са сваіх куранят. Яйкамі дзеліцца з сынамі. Дамашнія яйкі не параўнаць з магазіннымі: і па карысных уласцівасцях яны выігрываюць, і знешне – жаўток на самой справе яркі, жоўценькі, і вельмі смачны!
Сяброўка сям'і Міхайлавых Людміла Пятроўна паведаміла, што такіх працалюбівых гаспадароў, як Валянціна Міхайлаўна і Валерый Міхайлавіч, на вёсцы нямнога. Руплівыя, старанныя. Іх дом – адзін з лепшых, добра дагледжаны, двор – патанае ў кветках. Валянціна Міхайлаўна – не толькі выдатны птушкавод, але і вельмі добрая гаспадыня.
Не магу іначай
Зінаіда Камянькова з вёскі Палата расказала, што развядзенне курэй і гусей для яе – звычайная справа. Калісьці куры і гусі былі ў яе маці, цяпер з задавальненнем трымае іх на падвор'і і яна.
Птушыная гаспадарка іх сям'і – 20 курэй, певень і 9 гусей.
Зінаіда Фёдараўна падзялілася вопытам вырошчвання свойскіх птушак. Для таго, каб былі кураняты, трэба трымаць аднаго пеўня на 11-12 курэй. Тады малодзенькія курачкі абавязкова сядуць на яйкі! У іх сёлета было два пеўня.
Сям'я Зінаіды Фёдараўны – вялікая. Яна, два сына, нявестка. З дамашніх яек, на думку птушкавода-аматара, атрымліваюцца вельмі смачныя піражкі, бліны розныя.
Зінаіда Фёдараўна вельмі любіць гусей. Яны такія разумныя, самастойныя! Калі яна была маленькай, іх сям'я жыла недалёка ля вадаёма. Дых матчыны гусі толькі там і прападалі, самі шукалі сабе корм. Яе птушкі разгульваюць па гародзе, іх трэба карміць, а іншага клопату яны не патрабуюць.
Птушак трэба любіць
Усе лепшыя птушкаводы-аматары сцвярджалі: "Для таго, каб птушкі добра гадаваліся – іх трэба любіць!". Гаспадыням здаецца, што куры, індыкі і качкі адчуваюць, як ставяцца да іх людзі. Як паводзіць сябе з птушанятамі? Акуратна, бо яны – такія крохкія! Птушкі падрастаюць хутка, і кожны дзень пры правільным доглядзе яны будуць радаваць свайго гаспадара. Паспрабуйце адзін раз з кураня вырасціць курыцу ці пеўня (дарэчы, без вопыта немагчыма вызначыць, хто з яго вырасце), і тады справа птушкаводства стане для вас блізкай, цікавай. Вы лепш зразумееце сваіх суседзяў, якія не ўяўляюць сабе падвор'я без куранятніка ці індычніка.
Аліна БАЛЬШАКОВА(тэкст і фота) "Полацкі веснік"