Полацкія майстры заваявалі дыпломы ў творчых конкурсах ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”

17.07.2023

Двума дыпломамі з конкурсаў ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” папоўнілася скарбонка ўзнагародаў Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.

Кожны год лепшыя майстры горада Полацка і Полацкага раёна накіроўваюцца ў валошкавую сталіцу, каб годна прадставіць наш горад і падзівіцца на вырабы ўмельцаў з розных рэгіёнаў Беларусі і нават краін.

Сёлета палачане прадстаўлялі ў “Горадзе майстроў” сувенірную прадукцыю з выявамі Полацкіх краявідаў, дэмантравалі рамёствы нашага краю, праводзілі майстар-класы і прапаноўвалі зрабіць фодаздымак на памяць у тэматычнай фота-зоне.

А лепшыя майстры бралі ўдзел у творчых конкурсах.
Намеснік дырэктара Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Святлана Балтрушэвіч, якая прадстаўляла народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Майстар”, прыняла ўдзел у ІV абласным адкрытым свяце-конкурсе тэатраў мод “Модны дывертысмент-2023”. Таленавітая палачанка прадставіла на конкурс калекцыю стылізаваных сукенак “Веліч Зараніца”.

У конкурсе бралі ўдзел больш за 40 майстроў не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Але праца нашай зямлячкі прыцягнула ўвагу журы сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Аўтар калекцыі адаптавала славянскі беларускі касцюм да сучаснасці. Вынікам конкурсу стала ІІІ месца ў намінацыі “Славяначка. Касцюм. Традыцыі”. Віншуем зямлячку з творчым поспехам і зычым ёй творчага натхнення для будучых перамог!

Дзве палачанкі – Іна Карандзей, кіраўнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Майстар”, і Ефрасіння Забабоніна, член народнага клуба “Роднасць”, паказалі свае ўменні ў абласным конкурсе майстроў вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка-2023”. Творчая праца Іны Карандзей была ацэнена Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Рэканструкцыя вырабленага ў тэхніцы карункапляцення артэфакта”. Шчыра віншуем зямлячку, ганарымся, што на полацкай зямлі жывуць такія таленавітыя людзі.

https://www.pvestnik.by