Дзве каровы з Полацкага раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе

16.06.2023

Сёлета ў Мінску праходзіла ўжо XXXIII Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра». Сярод шматлікіх мерапрыемстваў грандыёзнага сельскагаспадарчага форуму была і выстава «Лепшая племянная карова малочнай пароды».

Мерапрыемства штогод праходзіць па ініцыятыве Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і ДА «Белплемжываб’яднанне». Штогод у конкурсе прымаюць удзел 24 каровы розных лактацый — па 6 з кожнай вобласці.

Сёлета Віцебскую вобласць на прэстыжным форуме прадстаўлялі рагулі з Віцебскага, Браслаўскага і Полацкага раёнаў.

Нашы две каровы з мянушкамі Славяначка і Лана — з філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». З любоў’ю выхоўвалі і рыхтавалі каровак на конкурс, суправаджалі ў Мінскую вобласць жывёлаводы філіяла на чале з галоўным заатэхнікам Валянцінай Троцкай.

Падчас конкурсу арганізатары стварылі подыум, на які выводзілі кароў для ацэнкі іх знешняга выгляду. А ўвогуле кампетэнтнае журы ацэньвала жывёл па 18 прыкметах.

Наша карова Славяначка першай лактацыі выглядала годна. Сваім канкурэнткам яна саступіла па паказчыку сутачнага ўдою, хоць ён у яе і вялікі — 42,5 кілаграма малака. Рагуля з мянушкай Лана трэцяй лактацыі ацэньвалася па прадуктыўнасці за 305 дзён лактацыі. 10 399 кілаграмаў малака — колькасць немалая, але каровы з іншых абласцей яшчэ больш прадуктыўныя!

Начальнік філіяла «Полацкая райплемстанцыя» Наталля Гарчакова расказала, што сёлетняя паездка ў сталіцу была ўжо 11-й, і час паказаў, што каровы з Полацкага раёна з кожным годам набіраюць большую колькасць балаў. Увогуле гэты конкурс — своеасаблівы вынік працы за год і адначасова экзамен для тых, хто займаецца племянной дзейна­сцю ў Рэспубліцы Беларусь. Наталля Гарчакова выказвала падзяку дырэктару філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Яўгену Набебіну за вялікую падрыхтоўчую працу і ўдзел у рэспубліканскім конкурсе.

Па выніках конкурсу Славяначка і Лана занялі III месцы, жывёлаводы атрымалі кубкі і грашовыя прэміі — па 140 базавых велічынь за кожную карову.

https://www.pvestnik.by

Галерея изображений