У Полацкім раёне праводзіцца вялікая работа па захаванні экасістэм

06.02.2023

2 лютага 1971 года ў горадзе Рамсар (Іран) была падпісана Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, маючая міжнароднае значэнне. Гэты дзень абвешчаны Днём водна-балотных угоддзяў. Рэспубліка Беларусь падпісала канвенцыю ў 1999 г. Тэма гэтага года — «Аднаўленне балот».

На тэрыторыі Полацкага раёна размешчаны 4 заказнікі рэспубліканскага значэння і 2 водна-балотныя заказнікі мясцовага значэння.

«Лонна», рэспубліканскі біялагічны заказнік, ствараўся ў мэтах захавання месцаў, дзе растуць журавіны, і аховы рэдкіх жывёл і раслін. Акрамя журавін тут расце марошка, а таксама брусніца, ажына, чарніца, маліна. Возера Лонна размешчана ў 17 км на паўночны ўсход ад Полацка і адносіцца да басейна ракі Палата. Яго насяляюць акунь, шчупак, лешч, карась і інш. Дзякуючы адасобленаму становішчу возера Лонна з'яўляецца папулярным аб'ектам экатурызму.

На тэрыторыі Полацкага і Шумілінскага раёнаў размешчаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі». Ён быў утвораны ў 1960 г. і стаў адным з першых на тэрыторыі Беларусі. Плошча - 26 060 га. Яго насяляюць рэдкія віды птушак - осаед, палявы і лугавы лунь, чорны каршун, беркут, скоп, змеяед. Казьянскі прыродны комплекс адыгрывае важную ролю для захавання птушак верхавых і пераходных балот, а расліннасць адрозніваецца высокай разнастайнасцю лішайнікаў і імхоў. Ёсць сярод іх і занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

У 2015 г. утвораны рэспубліканскі заказнік «Дражбітка-Свіна». На поўдні ён мяжуе з «Казьянскім». Тэрыторыя заказніка ўяўляе сабой лесабалотны масіў, у якім сустракаюцца ўсе асноўныя тыпы прыродных суполак, характэрных для Беларускага Паазер'я. Галоўны водны аб'ект - рака Дражбітка. На тэрыторыі заказніка 14 азёр, самыя буйныя - Балныро, Жэльцы, Арлея і Дрогава. Лясы пакрываюць 73% тэрыторыі, а адкрытыя балоты займаюць 8%. Гэта месца пасялення дупеля - віду птушак, які знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Тэрыторыя заказніка адыгрывае важную ролю ў падтрыманні нацыянальнай папуляцыі чорнага бусла.

Рэспубліканскі гідралагічны заказнік «Глыбокае-Вялікае Астравіта» (1259,38 га) аб'яўлены ў Полацкім раёне для захавання ў натуральным стане ўнікальных азёрных экасістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Водна-балотны заказнік мясцовага значэння «Патокі» утвораны ў 2015 годзе. Ствараўся ён у мэтах захавання каштоўных лесабалотных і водна-балотных комплексаў. Сваю назву атрымаў ад верхавога балота Патокі, які знаходзіцца на ім. Ядро заказніка - возера Страдань. Тэрыторыя характарызуецца дастаткова высокай біялагічнай разнастайнасцю, асабліва флоры. А водна-балотны заказнік «Шапавальскі мох» размешчаны на аднайменным буйным балотным масіве. На яго тэрыторыі сустракаецца больш за 10 відаў млекакормячых, выяўлена 56 відаў птушак, яго насяляе звыш 300 відаў насякомых. У складзе фауны адзначана 6 відаў насякомых, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

https://www.pvestnik.by/?p=96840