Урад урэгуляваў пытанні праваадносін у зямельнай сферы

31.01.2023

Урэгуляваны пытанні праваадносін у зямельнай сферы. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 13 студзеня 2023 года нумар 32, якая вызначае меры па рэалізацыі закона ад 18 ліпеня 2022 года нумар 195-З, якім у новай рэдакцыі выкладаецца Кодэкс аб зямлі. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Прававым актам зацверджана больш за 20 палажэнняў: аб парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, аб парадку пераводу зямель з адных катэгорый і відаў у іншыя і аднясення зямель да пэўных відаў, аб парадку дзялення, зліцця і змянення мэтавага прызначэння зямельных участкаў, аб парадку кампенсавання страт сельскагаспадарчай і (або) лесагаспадарчай вытворчасці і іншыя.

Згодна з дакументам, грамадзяне, ІП і юрыдычныя асобы, якія падалі да 1 студзеня 2023 года заяву аб прадастаўленні зямельнага ўчастка, пераводзе зямель, зямельнага ўчастка з адной катэгорыі ў іншую, маюць права завяршыць гэтыя працэдуры ў адпаведнасці з парадкам, які дзейнічаў да 1 студзеня 2023 года. Калі пасля 1 студзеня прыняцце рашэння аб адабранні і прадастаўленні зямельнага ўчастка адносіцца да кампетэнцыі іншага дзяржоргана, які ажыццяўляе дзяржрэгуляванне і кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, прыняцце ім такога рашэння можа быць праведзена на падставе матэрыялаў па адабранні і прадастаўленні зямельнага ўчастка, падрыхтаваных да 1 студзеня.

Асноўныя палажэнні пастановы ўступілі ў сілу 29 студзеня 2023 года і распаўсюджваюць сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2023 года.

БелТА