У Беларусі будуць рэгуляваць цэны на будаўнічыя матэрыялы

11.07.2022

Урад вызначыў пералік будаўнічых матэрыялаў, цэны на якія будзе рэгуляваць Мінбудархітэктуры. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў нумар 447 ад 6 ліпеня 2022 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінбудархітэктуры.

У пералік трапілі будаўнічыя тавары, якія вырабляюцца або ўвозяцца і прадаюцца на ўнутраным рынку індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі (акрамя тых, хто ажыццяўляе рознічны гандаль), і прымяняюцца пры будаўніцтве і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

У спісе больш за 40 найменняў: неапрацаваная драўніна; гравій; галька; шчэбень або камень драбнёны, што выкарыстоўваецца ў якасці запаўняльніка бетону, баласнага пласта аўтамабільных дарог і чыгунак і для аналагічных мэт; бітум і асфальт прыродныя; бітумы цвёрдыя і горныя пароды, якія змяшчаюць асфальтавы бітум; цэгла; пліткі і будаўнічыя вырабы з абпаленай гліны; алюміній і іншае.

Згодна з дакументам, цэны на будаўнічыя тавары будуць рэгулявацца да 1 студзеня 2023 года.

Пастанова ўступае ў сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

БелТА