Золатавалютныя рэзервы Беларусі за студзень выраслі на 1,2 працэнта да $8,5 млрд

07.02.2022

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 лютага 2022 года, паводле папярэдніх даных, склалі $8523,8 млн у эквіваленце, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

За студзень 2022 года золатавалютныя рэзервы павялічыліся на $98,8 млн (на 1,2 працэнта).

Росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені садзейнічала паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін, а таксама купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа".

Пры гэтым у студзені ўрадам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму амаль $360 млн.

Згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2023 года павінен скласці не менш за $7 млрд.

БелТА