Беларускі экспарт у Сахалінскую вобласць з пачатку года вырас больш як у 7 разоў

10.11.2021

Беларускі экспарт у Сахалінскую вобласць з пачатку года вырас больш як у 7 разоў. Аб гэтым ішла размова падчас сустрэчы міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко з намеснікам міністра эканамічнага развіцця Сахалінскай вобласці Расіі Аляксеем Бутуханавым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча.

Бакі абмеркавалі развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Сахалінскай вобласці, у прыватнасці пастаўкі беларускай тэхнікі (грузавой, пасажырскай, камунальнай, сельскагаспадарчай), а таксама харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны. "У 2020 годзе экспарт Беларусі ў Сахалінскую вобласць склаў $0,9 млн. У бягучым годзе тавараабарот значна павялічыўся і па выніках трох кварталаў 2021 года склаў амаль $4 млн. Пры гэтым беларускі экспарт у Сахалінскую вобласць вырас больш як у 7,4 раза", - расказалі ў прэс-службе.

Як адзначылі ў ведамстве, праведзенае ў маі бягучага года сумеснае пасяджэнне рабочых груп па развіцці супрацоўніцтва Беларусі з Сахалінскай вобласцю прадэманстравала, што двухбаковыя адносіны маюць значны патэнцыял. Падпісаны план мерапрыемстваў на 2021-2023 гады па рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Сахалінскай вобласці.

БелТА