Гаспадаркі Беларусі правялі другі ўкос траў больш як на палавіне плошчаў

14.07.2021

Гаспадаркі Беларусі правялі другі ўкос траў на 57,7 працэнта плошчаў, што складае 468,5 тыс. га, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на даныя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Паводле даных на 13 ліпеня, нарыхтавана 3210 тыс. т кармавых адзінак травяных кармоў. Усяго ў гэтым годзе іх плануецца нарыхтаваць 9710 тыс. т. На адну ўмоўную галаву жывёлы закладзена 10,35 ц кармавых адзінак.

Сенажу нарыхтавана 10 148 тыс. т (75,1 працэнта да плана), сена - 595,4 тыс. т (53,3 працэнта), сіласу - 322,5 тыс. т (1,67 працэнта).

Акрамя таго, аграрыі прадаўжаюць уборку азімай свірэпіцы на зерне - заданне выканана на 85,3 працэнта. Намалот склаў 14,4 тыс. т, ураджайнасць - 9,45 ц/га.

Азімы ячмень убраны больш як на 70 працэнтах плошчаў. Яго намалочана амаль 100 тыс. т. Ураджайнасць складае 49,1 ц/га. Таксама ў Беларусі пачалася ўборка азімага рапсу на зерне.

БелТА