"Наша задача на 2021 год - прырасці па экспарце сельгаспрадукцыі на 4,3 працэнта да ўзроўню 2020-га. Гэта складзе крыху больш за $6 млрд. Гэта вельмі вялікая сума, а за рынкі ж даводзіцца змагацца ўсім, выкарыстоўваючы розныя маркетынгавыя інструменты і спосабы. Калі ў гэтым годзе ўсё будзе добра з вытворчасцю і кан'юнктурай рынку, мы перасягнём гэты рубеж. А да 2025 года запланаваны аб'ём $7 млрд, гэта значыць нам трэба за пяцігодку прырасці больш як на $1 млрд", - расказаў Аляксей Багданаў.
Як паведамлялася, у Беларусі зацверджана дзяржаўная праграма "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады. Яна накіравана на павышэнне канкурэнтаздольнасці сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання, нарошчванне экспартнага патэнцыялу, развіццё экалагічна бяспечнай сельскай гаспадаркі, арыентаванай на ўмацаванне харчовай бяспекі краіны, забеспячэнне паўнацэннага харчавання і здаровага ладу жыцця насельніцтва. За пяцігодку плануецца павысіць эфектыўнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі за кошт укаранення рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць скарачэнне матэрыяльных і працоўных затрат, зніжэння сабекошту, паляпшэння якасці прадукцыі для падтрымання яе канкурэнтаздольнасці на ўнутраным і знешнім рынках.
У планах таксама ўмацаванне сыравіннай базы аграпрамысловай вытворчасці, мадэрнізацыя дзеючых і развіццё новых канкурэнтаздольных вытворчасцей, лічбавізацыя галін і падгалін АПК, развіццё селекцыі і генетыкі для патрэб устойлівай сельскай гаспадаркі. Дзяржпраграма накіравана таксама на захаванне, аднаўленне і павышэнне ўрадлівасці, рацыянальнае выкарыстанне сельгасзямель і стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцтва ў сельскай гаспадарцы.
Чакаецца, што рэалізацыя мерапрыемстваў дзяржпраграмы дасць магчымасць да канца 2025 года забяспечыць рэнтабельнасць продажаў у сельскай гаспадарцы на ўзроўні не меншым за 10 працэнтаў. Таксама запланаваны рост экспарту на 21,3 працэнта ў параўнанні з 2020 годам.