"У 2020 годзе належным чынам была арганізавана работа па будаўніцтве станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза. Дзякуючы сістэмнай рабоце, больш за 200 тыс. грамадзян, якія ў асноўным пражываюць у сельскай мясцовасці, дадаткова атрымалі доступ да якаснай пітной вады. Калі на працягу 2016-2018 гадоў мы будавалі па 60 станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза, то ў 2019 годзе - 269 станцый, а ў 2020-м - 281. У выніку за пяць гадоў мы дадаткова забяспечылі вадой пітной якасці 8 працэнтаў насельніцтва, і сёння забяспечанасць спажыўцоў якаснай пітной вадой складае 94,7 працэнта", - праінфармаваў міністр.
Паводле яго слоў, арганізавана сістэмная работа і выконваецца заданне па замене сетак водазабеспячэння і водаадвядзення. Заданне па замене сетак водазабеспячэння выканана на 108,7 працэнта, сетак водаадвядзення - на 113,3 працэнта. "Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана. Наша задача на пяцігодку - пабудаваць 800 станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза, больш за 300 водазаборных свідравін, перападключыць больш за 100 населеных пунктаў да адпаведных цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння з вадой пітной якасці. Яшчэ адна важная задача, якая не знята з парадку дня, - гэта перавесці горад Мінск на водазабеспячэнне з падземных крыніц", - паведаміў Андрэй Хмель. Таксама неабходна павышаць якасць ачысткі сцёкавых вод, для гэтага плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя 70 ачышчальных збудаванняў у бягучай пяцігодцы, дадаў ён.
Ажыццяўляецца планамерная работа па замене цеплавых сетак. "Гэта работа дала магчымасць давесці працягласць цеплавых сетак у ПЭТ-трубе да 71 працэнта ў цэлым па краіне і знізіць страты цеплавой энергіі пры транспарціроўцы да 9,2 працэнта. Разам з тым заданне ўрада па замене 636 км цеплавых сетак у 2020 годзе не было выканана. Гродзенская вобласць выканала заданне на 72 працэнты, Мінская - на 73 працэнты, Гомельская - на 86 працэнтаў", - адзначыў кіраўнік ведамства.