У Беларусі тэрмін самаізаляцыі з-за COVID-19 скарочаны да 10 дзён

14.10.2020

У Беларусі тэрмін знаходжання ў самаізаляцыі з-за COVID-19 скарочаны да 10 дзён. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 13 кастрычніка 2020 года нумар 591, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

"У мэтах забеспячэння аховы здароўя насельніцтва, папярэджання распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 на тэрыторыі Беларусі актуалізаваны патрабаванні да выканання самаізаляцыі - тэрмін знаходжання ў самаізаляцыі скарочаны да 10 каляндарных дзён", - паведамілі ў прэс-службе.

Грамадзянам у самаізаляцыі дазволена ў выпадку крайняй неабходнасці наведваць арганізацыю аховы здароўя для атрымання экстраннай і (або) неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Пастановай пашыраны спіс асоб, на якіх не распаўсюджваюцца патрабаванні па самаізаляцыі пасля прыбыцця з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19. Гэта кіраўнікі і члены афіцыйных дэлегацый; тыя, хто едзе праз Беларусь транзітам і выедзе з краіны на працягу сутак; якія прыбылі з камандзіровак; асобы, якія перавозяць стваловыя клеткі, органы для трансплантацыі.