У Беларусі плануюць распрацаваць канцэпцыю развіцця штучнага інтэлекту

12.08.2025

У Беларусі плануюць распрацаваць канцэпцыю развіцця штучнага інтэлекту. Аб гэтым расказаў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Круглікаў.

Прыняцце заканадаўчага акта даволі доўгі працэс, адзначыў Сяргей Круглікаў. "Ён можа займаць і некалькі гадоў. Мадэльны закон "Аб тэхналогіях штучнага інтэлекту" быў прыняты 18 красавіка 2025 года Міжпарламенцкай асамблеяй СНД. Распрацоўваўся ён з мая 2023 года. Па ідэі, ён павінен быў прымацца толькі ў лістападзе. Фактычна мы з апярэджаннем, што таксама вельмі пазітыўна, зацвердзілі яго. Закон рэкамендаваны для ўсіх дзяржаў - удзельніц СНД пры выкарыстанні ў сваім нацыянальным заканадаўстве. Ёсць аснова, цяпер трэба распрацоўваць канцэпцыю развіцця штучнага інтэлекту ў Беларусі. Гэта будзе кароткатэрміновы дакумент, таму што тэхналогіі развіваюцца і ідуць хутчэй, чым людзі паспяваюць іх усвядоміць. Гэта трэба зрабіць на добрым заканадаўчым узроўні. Прадукт павінен быць верыфікаваны ў любой прадметнай галіне, тады ён будзе запатрабаваны і прынясе карысць", - падзяліўся планамі дырэктар інстытута.

Для маштабнага выкарыстання штучнага інтэлекту ў Беларусі неабходна выпусціць пакет стандартаў. "Мы спадзяёмся, што, як і планавалася раней, на базе Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі будзе створаны нацыянальны тэхнічны камітэт па стандартызацыі ў сферы штучнага інтэлекту. Ужо адгукнулася больш за 30 партнёраў, якія гатовы ўвайсці ў камітэт і прадаставіць сваіх экспертаў для таго, каб выпускаць стандарты і іншую заканадаўчую базу ў гэтай галіне, - дадаў Сяргей Круглікаў. - Трэба ўлічваць рызыкі, якія можа выклікаць тая ці іншая тэхналогія, уключаючы штучны інтэлект. Правільна іх зразумеўшы, мы вызначаем, які звод заканадаўчых актаў неабходны для іх мінімізацыі. Можна ўкараніць ШІ ўсюды, але хто пацвердзіць, што закладзенае ў "чорнай скрыні" з'яўляецца правільным? Трэба верыфікаваць і гарантаваць, што ён не прынясе шкоду".

БелТА