"На нарадзе абмяркоўваліся розныя праблемы, у тым ліку неаптымальная структура Акадэміі навук. Трэба падумаць, якім чынам зрабіць яе больш эфектыўнай, каб захаваць і прымножыць існуючыя вынікі. Другая праблема - "дробныя тэмы". Частка тэм не мае навуковай навізны і вялікай актуальнасці, але работу па іх выконваюць для таго, каб забяспечыць бягучую дзейнасць навуковых устаноў. Таму абмяркоўвалася магчымасць падзяліць падыходы па фінансаванні бягучай дзейнасці і непасрэдна навуковых праектаў", - сказаў Уладзімір Каранік.
Таксама на нарадзе адзначана неабходнасць павысіць эфектыўнасць функцыянавання ланцужка "ідэя - фундаментальныя даследаванні - прыкладныя даследаванні - укараненне ў вытворчасць".
"Ужо не раз мы падыходзілі да такой тэмы, як падыходы да фінансавання рызыкоўных праектаў або, як цяпер модна гаварыць, венчурнага фінансавання. Мы з Саветам Міністраў будзем і далей выпрацоўваць механізмы, каб гэта частка ланцужка працавала больш эфектыўна і не падтрымлівала ўтрыманства, але, з іншага боку, каб была прастора для новых ідэй, якія ў далейшым становяцца паўсядзённай рэальнасцю, прыносяць фінансавыя даходы, павышаюць прэстыж нашай навукі. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні павінны завяршацца стварэннем эксперыментальнай устаноўкі, эксперыментальнага ўзору, доследна-прамысловай партыі. Калі мы ідзём да ўкаранення на вытворчасць, мы павінны быць абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэта распрацоўка сапраўды адпрацуе так, як трэба, не давядзецца доўгі час даводзіць яе да ладу і пагаршаць якасць гатовай прадукцыі. Якім чынам забяспечыць магчымасць аператыўнага выпуску доследна-прамысловай партыі, за кошт чаго забяспечыць дафінансаванне, давядзенне да ладу навуковых распрацовак - цяпер з гэтым ёсць пэўныя пытанні. Акадэміі навук, Савету Міністраў даручана гэтыя пытанні ўрэгуляваць. А што датычыцца ўкаранення, гэта адказнасць заказчыка. Калі нехта з дзяржрэгулятараў у вучоных заказвае вырашэнне нейкага пытання, і вучоныя вырашылі гэта пытанне якасна, выдалі пэўны прадукт, то далей ужо заказчык нясе адказнасць за тыражаванне распрацоўкі, за тое, каб яна не ляжала на паліцы да лепшых часоў", - падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН.
На яго думку, таксама вельмі важна, каб акадэмічныя вучоныя, работнікі вытворчасці, прадстаўнікі галіновых навуковых устаноў мелі магчымасць чытаць лекцыі студэнтам. "Гэта павышае прэстыж нашых ВНУ, робіць іх больш практыкаарыентаванымі. А яшчэ дае магчымасць па вачах, якія гараць, па пытаннях пасля лекцый, па выказаных ідэях адбіраць у ВНУ будучых даследчыкаў", - рэзюмаваў Уладзімір Каранік.