У Беларусі прадставілі маркетынгавае даследаванне турыстычнага патэнцыялу прадпрыемстваў

26.03.2025

Апублікаваны вынікі маркетынгавага даследавання "Прамысловы турызм у Рэспубліцы Беларусь: аналіз сучаснага стану і перспектывы развіцця". Выданне будзе прэзентавана на 27-й Міжнароднай выстаўцы-кірмашы турыстычных паслуг "Адпачынак-2025", якая пройдзе ў Мінску 27-29 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

Былі прааналізаваны гістарычныя этапы развіцця айчыннага прамысловага турызму, турыстычны патэнцыял прадпрыемстваў, замежны вопыт. Перад экспертамі стаяла задача сістэматызаваць існуючыя экскурсіі і маршруты падарожжаў, у якія ўключаны наведванні вытворчасцей, прааналізаваць значэнне тэматычных музеяў, вызначыць найбольш эфектыўныя шляхі папулярызацыі турпрадуктаў на рынку Беларусі і за мяжой.

У матэрыяле прыведзена класіфікацыя прамысловага турызму па розных крытэрыях (галіновая прыналежнасць, мэта наведвання, мэта ўздзеяння на аўдыторыю, узрост мэтавай аўдыторыі, склад групы і інш.).

На момант даследавання каля 70 прадпрыемстваў краіны праводзілі экскурсіі на камерцыйнай аснове або супрацоўнічалі з суб'ектамі турыстычнай дзейнасці, а таксама развівалі (або планавалі развіваць у бліжэйшай перспектыве) прамысловы турызм. Яшчэ каля 100 прадпрыемстваў праводзілі экскурсіі для бізнес-дэлегацый, а таксама для школьнікаў і студэнтаў у рамках прафарыентацыйнай работы.

Абазначана актуальнасць выпрацоўкі адзінага падыходу для ўліку колькасці прамысловых турыстаў, паколькі прадпрыемствы па-рознаму лічаць колькасць наведвальнікаў (толькі экскурсанты на вытворчасці, у музеі або абедзве катэгорыі). Таксама ў даследаванні звяртаецца ўвага на неабходнасць узаемадзеяння прадпрыемстваў з мясцовымі органамі ўлады, суб'ектамі турыстычнай дзейнасці. Асобна вывучана ўключэнне індустрыяльных ландшафтаў і аб'ектаў прамысловай спадчыны ў турызм.

Акрамя таго, распрацаваны 64 пашпарты аб'ектаў прамысловага турызму па ўсіх абласцях і Мінску, якія ўключаюць звесткі аб месцы і каардынатах размяшчэння, спецыялізацыі, агульнай характарыстыцы, кароткую гісторыю прадпрыемства, інфармацыю аб праводзімых экскурсіях, дэгустацыях, майстар-класах, наяўнасці інфраструктуры і спадарожных паслугах і інш.

"Гэта каштоўны рэсурс для ўсіх, хто цікавіцца прамысловым турызмам у Беларусі: тураператараў, экскурсаводаў, прадпрыемстваў і, вядома ж, саміх турыстаў, - расказалі ў Нацыянальным агенцтве па турызме. - На выстаўцы будзе магчымасць паразмаўляць са спецыялістамі, якія працавалі над праектам, і задаць пытанні".

Сакавік у Беларусі аб'яўлены месяцам прамысловага турызму. У рэспубліцы праводзяцца мерапрыемствы, якія садзейнічаюцьяго папулярызацыі: адукацыйныя семінары, прэс-канферэнцыі, круглыя сталы, майстар-класы, прафарыентацыйныя экскурсіі, дні адкрытых дзвярэй.

БелТА