За тры тыдні, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, Беларусь наведала амаль 16 тыс. грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы (для іх гэтыя ўмовы дзейнічаюць ужо трэці год) і амаль 1,8 тыс. іншых еўрапейцаў у рамках пашыранага бязвізу (11 працэнтаў ад агульнага патоку).
"Дынаміка станоўчая. Большасць гасцей - з Германіі і Эстоніі. А наогул у пашыраным спісе - усе краіны Шэнгенскай зоны, а таксама Сан-Марына, Ватыкан, Манака і Андора, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, Ірландыя, Кіпр, Боснія і Герцагавіна. Дзеянне яго пакуль абмежавана - да канца года", - адзначылі ў прэс-службе.
Адна з турыстычных кампаній - членаў РСТІ, цяпер прымае першых гасцей - 20 чалавек з усёй Еўропы (Вялікабрытанія, Ірландыя, Ліхтэнштэйн, Швецыя, Данія, Нідэрланды, Бельгія), а таксама з Мексікі, Аўстраліі, ЗША, Чылі. Падарожнікі ўжо наведалі Брэсцкую крэпасць, Музей Вялікай Айчыннай вайны, майстэрню скульптара Заіра Азгура і Лінію Сталіна. Сёння яны - у беларускай зоне адчужэння, у Палескім радыяцыйным запаведніку.
Таксама ў РСТІ адзначылі, што помнікі Леніну, савецкая архітэктура, сцяг СССР на купале музея гісторыі - усё гэта карыстаецца вялікім попытам у турыстаў.
"Пасля ўвядзення новага бязвізавага рэжыму, за тры тыдні праз два пагранпераходы Гродзенскай вобласці ў Беларусь прыехалі 7082 чалавекі з 34 краін, - прывёў статыстыку начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі. - У першую чаргу гэта прадстаўнікі Літвы (4,5 тыс. чалавек) і Латвіі (1,3 тыс. чалавек). Гэта нядзіўна, бо ў многіх літоўцаў ёсць роднасныя сувязі з Беларуссю, якія захаваліся яшчэ з савецкіх часоў. Цікава, што на трэцім месцы па колькасці ўездаў знаходзяцца немцы - 360. А палякі - чацвёртыя (280 перасячэнняў), што вытлумачальна, бо адзіны дзеючы пагранпераход з Польшчай "Варшаўскі мост" знаходзіцца ў Брэсце. Італьянцы, дарэчы, таксама даволі актыўнымі падарожнікамі аказаліся. У цэлым геаграфія вельмі пашырылася".
Ён падкрэсліў, што ў Гродне добра прыкметныя турысты з Кітая. Нехта прыязджае на дзень, нехта - на два-тры.
Прадстаўнік РСТІ ў Аўстрыі, Германіі і Швейцарыі лічыць, што крок па спрашчэнні ўезду турыстаў у будучым абавязкова спрацуе. Але пакуль ёсць пытанне ў распаўсюджванні гэтай навіны ў Еўропе: і пра бязвіз, і пра турпрадукт. "Немцы любяць падарожнічаць. І Расія, і Беларусь для іх - вельмі цікавыя напрамкі. Пазнавальны турызм быў асноўным сегментам да пандэміі, і на гэтым грунтаваўся ўвесь маркетынг", - дадаў прадстаўнік РСТІ ў Аўстрыі, Германіі і Швейцарыі.