Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 112 раёнах Беларусі

07.06.2023

Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 112 раёнах Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства лясной гаспадаркі.

Па стане на вечар 6 чэрвеня, на большай частцы краіны дзейнічаюць забароны на наведванне лясной мясцовасці. У прыватнасці, поўнасцю забаронена наведваць лясы ў Гродзенскай вобласці. У Мінскай вобласці забароны і абмежаванні ўведзены ў 22 раёнах, Гомельскай - 21, Брэсцкай - 16, Віцебскай - 21.

У Магілёўскім рэгіёне ў 15 раёнах усе яшчэ забаронена або абмежавана перамяшчэнне па лясным фондзе, аднак у Мсціслаўскім, Крычаўскім, Клімавіцкім, Краснапольскім, Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах наведваць лясы можна свабодна.

На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна аператыўна прасачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы. Карта абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, таму даныя могуць мяняцца на працягу дня.

БелТА