Адвакаты Беларусі дадуць бясплатныя кансультацыі да Дня абароны дзяцей

29.05.2023

Беларускія адвакаты правядуць бясплатныя прававыя кансультацыі да Дня абароны дзяцей для шматдзетных сем'яў і сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Ірына Рэўт.

Акцыя пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны 1 чэрвеня, у першай палавіне дня. Падрабязная інфармацыя будзе размешчана на сайтах тэрытарыяльных калегій адвакатаў.

У БРКА адзначылі, што акцыя праводзіцца ў форме вусных кансультацый па пытаннях, якія не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю і не патрабуюць азнаямлення з дакументамі.

Дзень абароны дзяцей - гэта не толькі свята для саміх дзяцей, але і напамін грамадству аб неабходнасці абараняць правы дзіцяці, рабіць усё магчымае для таго, каб дзеці раслі шчаслівымі і здаровымі, а ў будучым сталі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны, падкрэслілі ў БРКА.

БелТА