На плошчы Свабоды сабраліся кіраўнікі полацкай раённай улады, духавенства, дэпутаты, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і грамадскіх аб'яднанняў рэгіёну, члены прафсаюзаў, ветэраны і моладзь, каб ушанаваць памяць абаронцаў Айчыны і вызваліцеляў нашага роднага горада.
«Мы ведаем, якім коштам далася Перамога, і свята шануем тых, хто выстаяў у гераічнай барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы… Няхай гэтыя святочныя дні яшчэ мацней згуртуюць усіх нас, умацуюць адказнасць за краіну і гатоўнасць працаваць дзеля росквіту нашай роднай Беларусі.», - адзначыў у сваім звароце да ўдзельнікаў урачыстасці старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Растапчын наказваў моладзі берагчы мір і быць дастойнымі памяці тых, хто са зброяй у руках, не шкадуючы свайго жыцця, абараніў незалежнасць нашай краіны. Падзяку салдатам Перамогі ад імя маладога пакалення палачан адрасавала другі сакратар Полацкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Дзіяна Цябут.
Хвілінай маўчання прысутныя на мітынгу ўшанавалі памяць аб загінуўшых на палях бітваў, аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, якім было не наканавана сустрэць сёлетні мірны май.
…У знак удзячнасці за подзвіг у імя жыцця палачане ўсклалі кветкі і вянкі да помніка вызваліцелям Полацка.
Фота Іллі ШВЯДКО.