У святочныя і выхадныя дні Дзяржаўтаінспекцыя Полаччыны ўзмоцніць кантроль на дарогах

07.05.2023

Дзяржаўтаінспекцыя прыме дадатковыя меры па забеспячэнні дарожнай бяспекі ў вялікія выхадныя і ў месцах святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі.

Тэрытарыяльныя падраздзяленні ДАІ правядуць прафілактычныя адпрацоўкі з мэтай спынення парушэнняў правілаў як вадзіцелямі, так веласіпедыстамі і пешаходамі, у тым ліку на сродках персанальнай мабільнасці. Па-ранейшаму інспектары ДПС нададуць павышаную ўвагу своечасоваму выяўленню і адхіленню ад кіравання транспартнымі сродкамі нецвярозых і бяспраўнікаў. Пад асаблівым кантролем будуць вадзіцелі мотатэхнікі, а таксама месцы масавага адпачынку.

У сувязі з павелічэннем у вялікія выхадныя інтэнсіўнасці дарожнага руху на загарадных дарогах настойліва раім кіроўцам быць вельмі ўважлівымі, выбіраць бяспечную хуткасць, адмовіцца ад неабдуманых манеўраў і абгонаў, забяспечыць бяспечную перавозку дзяцей.

З улікам абмежаванняў руху ў месцах правядзення святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі, просім планаваць свае маршруты загадзя, уважліва сачыць за часовымі дарожнымі знакамі, кіравацца сігналамі рэгуліроўшчыка.

https://www.pvestnik.by