У Полацку адкрылася фотавыстава ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Піліпавіча Сушкова

05.05.2023

Значная падзея адбылася ў Полацку. Напярэдадні Дня Перамогі на базе СШ №16 адкрылася фотавыстава ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Піліпавіча Сушкова, які пайшоў з жыцця летась.

На мерапрыемстве прысутнічалі ганаровыя госці: Аляксандр Філіпавіч Растапчын, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Святлана Адзінцова, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Галіна Муравей, старшыня Полацкага раённага савета ветэранаў, Аляксандр Васільевіч Лапцеў, ветэран Узброеных Сіл Рэспублiкi Беларусь, старшыня Полацкага раённага аддзялення грамадскага аб'яднання «Беларускі Саюз Афіцэраў», а таксама Алеся Навумовіч, унучка Мікалая Філіпавіча Сушкова.

На выставе прадстаўлена больш за 50 работ, створаных ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў розныя гады. Н.Ф. Сушкоў, як успамінае ўнучка, фатаграфаваў заўсёды, стараўся адлюстраваць важныя моманты жыцця любімага горада і яго жыхароў. На здымках - патрыятычныя акцыі, святы, канферэнцыі, мітынгі, сустрэчы. Фотавыстава абавязкова будзе дапаўняцца - за сваё жыццё Мікалай Сушкоў сабраў вялікі фотаархіў.

У сваім выступе Святлана Уладзіміраўна распавяла, што ёй пашчасціла асабіста ведаць Мікалая Філіпавіча, простага і сціплага чалавека, які з'яўляецца прыкладам душэўнай стойкасці, чалавекалюбства, высокай маральнасці і самаахвярнай любові да сваёй Радзімы.

Успамінамі пра гэтага цудоўнага чалавека таксама падзяліліся і іншыя ганаровыя госці. Алеся Навумовіч расказала прысутным, што для яе дзядулі значыла работа з падрастаючым пакаленнем, чым жыў, аб чым думаў і перажываў ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Былая калега, настаўнік пачатковых класаў - Ганна Якубовіч падкрэсліла, што Мікалай Філіпавіч быў чалавекам нязгаснай энергіі, быўшы ва ўзросце 80-гадоў, ён браў удзел ва ўсіх мерапрыемствах горада, у тым ліку спартыўных. Ён казаў «Запішы мяне, я буду выступаць пад нумарам адзін».

Нарадзіўся Мікалай Філіпавіч Сушкоў 6 снежня 1925 года ў вёсцы Нікольскае Архангельскай вобласці. 15 лістапада 1943 года быў прызваны ў войска. З 1949 года больш за 30 гадоў аддаў вайсковай службе. За гераізм, праяўлены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і за перыяд службы ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», «За бездакорную службу» І і ІІ ступеняў. Пасля выхаду ў запас працаваў ваенруком у школах Полацкага раёна, у тым ліку і СШ №16. Гераічнага, мудрага, адкрытага чалавека, педагога, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны не стала 28 кастрычніка 2022 года, але памяць пра Мікалая Філіпавіча будзе жыць у сэрцах многіх палачан.

Пасля адкрыцця, госці выставы наведалі святочную праграму, прысвечаную Дню Перамогі, падрыхтаваную навучэнцамі школы.

У СШ №16 праводзіцца вялікая праца па ўвекавечанні памяці Мікалая Філіпавіча Сушкова. Цяпер члены пошукавага атрада «Адвага» рыхтуюць да выдання кнігу «З пакалення герояў», прысвечаную слаўнаму ветэрану.

Фота Надзеі Калужонак.

https://www.pvestnik.by