Больш за 300 байкераў з розных куткоў Віцебскай вобласці сабраліся ў Полацку на адкрыццё мотасезона-2023

02.05.2023

У Полацк на адкрыццё мотасезона-2023 прыехалі без малога 300 байкераў з розных куткоў Віцебскай вобласці, а таксама госці са сталіцы.

Старт новаму сезону быў дадзены на Кургане неўміручасці. У знак падзякі за мірнае неба над галавой матацыклісты ўсклалі кветкі да падножжа рукатворнага помніка. Пасля чаго мотакалона адправілася на плошчу Свабоды, дзе ўсіх удзельнікаў і гасцей свята чакала насычаная праграма.

З адкрыццём мотасезона-2023 усіх прысутных павіншавала Святлана Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама. Да пажаданняў далучыліся Уладзімір Шарак, кіраўнік полацкай РАС ДТСААФ, Віталь Кантораў, старшы дзяржаўтаінспектар Полацкага РАУС, Віталь Вялюга, старшыня ГА «Мотасадружнасць Полацкага рэгіёну».

На плошчы размясцілася вялікая выстава мотатэхнікі і аўтамабіляў ДТСААФ. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца са спадабаўшымiся байкамi.

Усіх, хто прыйшоў на свята, чакалі вясёлыя конкурсы, удзел у якіх маглі прыняць, як дарослыя, так і дзеці. Для пачатку прадстаўнікі ГА «Мотасадружнасць Полацкага рэгіёну» прапанавалі ўспомніць, з чаго складаецца матацыкл, затым байкеры дэманстравалі самую павольную язду, а малыя выбівалі салодкі прыз покрыўкай ад матацыкла. Былі і гонкі на самакатах, і конкурс на самы гучны выхлап.

Свята атрымалася! Яно падарыла мора яркіх уражанняў і эмоцый, а ў сямейных архівах цяпер дзясяткі фатаграфій з матацыкламі.

Фота Валянціны Ліпко.

Крыніца: https://www.pvestnik.by