Як у Полацку фантан адкрывалі і святкавалі Дзень працы?

02.05.2023

Сотні палачан і гасцей горада, узброіўшыся тэлефонам і добрым настроем, спяшаліся сёння на плошчу Францыска Скарыны, дзе па традыцыі адкрыўся вясенне-летні сезон працы фантана. Пад гучныя апладысменты зажурчала вада і бруі ўзвіліся ўгору. Жывая музыка, роставыя лялькі, песні, танцы чарговы раз нагадалі пра тое, што на вуліцы – май.

Але не толькі адкрыццё фантана сабрала людзей на плошчы, усе разам святкавалі Дзень працы. Яркія сцяжкі, кветкі, маляўнічыя банеры. Усе радаваліся святу. Усмешкі і абдымкі, поціску рукі, забіяцкі смех, — здавалася, што каля фантана сабралася адна вялікая дружная сям'я – прафсаюзная.

Ад усёй душы весялілася на свяце хлапчукі і дзяўчынкі. На гульнявых пляцоўках, прадстаўленых работнікамі культуры, адукацыі, спорту і Полацкага малочнага камбіната, маленькія палачане танцавалі і гулялі, удзельнічалі ў віктарынах, майстар-класах па стварэнні сцяжкоў, дэгуставалі малочную прадукцыю і з задавальненнем фатаграфаваліся ў маляўніча аформленых фотазонах.

Атрымліваючы асалоду ад воднай феерыяй, дзеці запускалі ў неба мыльныя бурбалкі разам з бацькамі. Бо гэта вясновае свята - сямейнае.

- Штогод усёй сям'ёй прыходзім на свята, дзеці з задавальненнем бегаюць пад пырскамі вады, весяляцца і гарэзуюць. Для дарослых — прыгожа, для малых — цікава. Што можа быць лепш, сямейнай прагулкі. Выдатны настрой стварылі творчыя калектывы, - падзялілася жыхарка Полацка Надзея Казлова.

Больш фота у альбоме.

Крыніца: https://www.pvestnik.by