Вясенне-палявыя работы ў Полацкім раёне набіраюць тэмп

18.04.2023

Вясенне-палявыя работы ў Полацкім раёне набіраюць тэмп. Там, дзе дазваляюць умовы, механізатары рыхтуюць глебу, пачынаюць сяўбу.

На 17 красавіка ў раёне пасеяна 755 га яравых культур. Актыўна шчыруюць на веснавой раллі аграрыі УП «Гараны-Агра», «Блізніца», «Палімір-агра», філіяла «Вясна-энерга» — у іх актыве больш за 100 пасеянных гектараў. Кожны ра­зумее: трэба выкарыстоўваць спрыяльныя ўмовы надвор’я, каб вясенне-палявыя работы прайшлі ў аптымальныя тэрміны, зладжана і арганізавана.

З ходам пасяўной кампаніі ва УП «Гараны-Агра» пазнаёміліся намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў і старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, якія сустрэліся з аграрыямі, абмеркавалі актуальныя пытанні.

На дапамогу гаранцам сёлета зноў падчас сяўбы накіраваны механізатар з ААТ «Полацкі малочны камбінат» Ігар Варажанка. Сустрэліся з ім на полі, дзе на плошчы 53 гектары яму неабходна было пасеяць авёс. З высокапрадуктыўнай сеялкай пастаўленыя задачы ён выконвае аператыўна, працуе з настроем.

Ва ўрочышчы Кулькі ішла сяўба яравога аўса, працавалі 2 сеялкі Amazone Citan 1200. Як паведаміла галоўны аграном гаспадаркі Алёна Івашкевіч, на палях гэтай зоны, дзе на 454 гектарах пераважна лёгкая пясчаная глеба, працуюць у першую чаргу, бо вільгаць сыходзіць хутка. Распачаць сяўбу даверылі вопытным механізатарам, сярод якіх — Яўген Лакомскі (на фота). За час працы ў гаспадарцы малады мужчына зарэкамендаваў сябе адказным і прафесійным спецыялістам. Кіруе складанай тэхнікай з лёгкасцю, даглядае яе, не дапускае значных паломак. На падвозцы і загрузцы насення дапамагае Сяргей Іваноў, які ўжо больш за 20 гадоў працуе ў Гаранах і справу сваю ведае выдатна.

«Вялікую ўвагу надаем захаванню тэхналогій, тэмпу веснавых работ. Тэхніка ў гаспадарцы да правядзення сяўбы падрыхтавана. Калектыў настроены на выніковую працу», — запэўніў намеснік дырэктара УП «Гараны-Агра» Андрэй Акружны. На высокапрадукцыйную працу на веснавых палетках накіраваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Усе механізатары забяспечваюцца гарачым харчаваннем, працаўнікі поўнасцю ўкамплектаваны сродкамі індывідуальнай абароны і спецвопраткай.

З раніцы і да позняга вечара шчыруюць механізатары на палетках, каб забяспечыць высокія тэмпы і якасць сяўбы і атрымаць дастойны ўраджай.

https://www.pvestnik.by/?p=99966