Важна навучыць непаўналетніх правільна паводзіць сябе ў віртуальнай прасторы

10.04.2023

Сёння зносіны ў Інтэрнэце стала важнай часткай жыцця людзей. У гэтым віртуальным свеце адкрываецца шмат магчымасцяў, пры гэтым варта ведаць, што часцяком карыстальнікі, асабліва падлеткі, падвяргаюцца небяспецы з боку зламыснікаў. Важна навучыць непаўналетніх правільна паводзіць сябе ў віртуальнай прасторы, каб знаходжанне ў сетцы Інтэрнэт было не толькі цікавым, але таксама карысным і бяспечным.

Без ведама дарослых

Злачынцы часцей за ўсё ўсталёўваюць кантакты з дзецьмі ў чатах, па электроннай пошце ці на форумах. Яны імкнуцца прыцягнуць падлетка ўвагай, клопатам і нават падарункамі, звычайна добра дасведчаныя аб музычных захапленнях моладзі. Таму падлеткі часта звяртаюцца да віртуальных сяброў. Як правіла, гэта дзеці, якія не знаходзяць разумення ў сваіх блізкіх, з цяжкасцю заводзяць сяброў у школе, у двары.

Злачынная схема

Зламыснік вызначае патэнцыйна ўразлівых дзяцей, якія здаюцца адзінокімі, засмучанымі, тых, хто шукае дапамогі і падтрымкі.

Пасля ўсталявання кантакту дзіця ці падлетак паддаецца перакананню перайсці з публічнага чата ў больш зацішнае месца. Пасля згоды пачынаецца больш інтэнсіўны працэс збліжэння, абмеркаванне інтымных пытанняў, спробы аслабіць маральныя забароны. Злачынцы паступова ацэньваюць магчымасць сустрэчы з дзецьмі ў рэальным жыцці. Падобная тактыка ў далейшым прыводзіць да таго, што непаўналетні згаджаецца.

Абранае ў якасці ахвяры дзіця можа быць залучана ў выраб парнаграфіі. Пасля гэта дае злачынцу дадатковы сродак для кантролю падлетка. Шантажу могуць падвяргацца бацькі дзіцяці.

У групе рызыкі

Ахвярамі гвалту ў кіберпрасторы часцей за ўсё становяцца дзеці, якія пакутуюць ад жорсткага абыходжання ў рэальным жыцці, знаходзяцца ў сацыяльна ці эканамічна цяжкім становішчы, пацярпелі ад любога віду гвалту, якія валодаюць нізкай самаацэнкай; выхаванцы дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, прытулкаў. Аднак у апошні час прыходзіцца чуць пра выпадкі, калі ў выраб порна залучаюцца дзеці з забяспечаных і вонкава шчасных сем'яў. На жаль, такая «мода» прыводзіць да таго, што падлеткі самі гатовы размяшчаць падобныя фатаграфіі ў сацсетках або высылаць віртуальным сябрам.

Важна - абараніць

Падлеткі часта не вераць, што дарослыя здольныя зразумець іх і дапамагчы, асцерагаюцца, што ім забароняць карыстацца кампутарам. Эфектыўным механізмам спынення насілля ў кіберпрасторы з'яўляецца фарміраванне інфармацыйнай культуры ў непаўналетніх, навучанне іх правілам бяспекі. Неабходна стаць сябрам свайму дзіцяці, цікавіцца яго захапленнямі і абмяркоўваць узнікаючыя праблемы. Тлумачыць, што не варта дасылаць віртуальным знаёмым свае фатаграфіі і асабістую інфармацыю, скласці правілы бяспечных паводзін у Інтэрнэце. Важна памятаць, што шкода, якая прычыняецца дзецям і падлеткам у віртуальным асяроддзі або з дапамогай яго, уяўляе сабой акты рэальнага гвалту і мае наступствы ў рэальным свеце.

Віды гвалту ў кіберпрасторы:

— Прыставанне, або «абходжванне», у сетцы (grooming) — уваходжанне дарослага чалавека ў давер да дзіцяці з мэтай выкарыстаць яго ў далейшым для сэксуальнага задавальнення.

— Кібербулінг, мэта якога выклікаць страх і дамагчыся падпарадкавання.

— Дэманстрацыя матэрыялаў, якія не адпавядаюць узросту дзіцяці.

Па словах падлеткаў, яны атрымліваюць інфармацыю і запрашэнні ў клубы самагубцаў, прапановы ўступіць у дэструктыўныя секты. У апошні час з'явілася новая небяспека ў выглядзе так званых «лічбавых наркотыкаў». Вытворчасць, распаўсюджванне і выкарыстанне дзіцячай парнаграфіі і матэрыялаў, якія паказваюць сэксуальны гвалт над дзецьмі, з'яўляецца адным з вiдаў гвалту над імі ў кіберпрасторы. Дзіцячая парнаграфія - адзін з самых даходных відаў крымінальнага бізнесу.

Калі ў Вас узніклі пытанні, праблемы, Вы не ведаеце, што рабіць, псіхолагі і спецыялісты ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна» заўсёды дапамогуць Вам разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, і акажуць падтрымку і садзейнічанне ў вырашэнні праблемы па тэлефоне даверу 46-17-95. Наш адрас: г.Полацк, вул.Францыска Скарыны, 12, каб. №№24, 25.

М.М. Аніськовіч,
дырэктар ТЦСАН
Полацкага раёна.

https://www.pvestnik.by/?p=99557