Святлана Валюшкіна: «Cтабільныя паказчыкі эканамічнай дзейнасці, зладжаная праца вядучых прадпрыемстваў і арганізацый краіны - галоўная ўмова мiру»

07.04.2023

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна:

- Выступленне Прэзідэнта заўсёды ўражвае сваёй экспрэсіўнасцю, даходлівасцю і адкрытасцю. Кожны з удзельнікаў галоўнай падзеі краіны адчуў, наколькі Кіраўнік дзяржавы шчыры, наколькі дарагая для яго наша краіна. Стабільныя паказчыкі эканамічнай дзейнасці, зладжаная праца вядучых прадпрыемстваў і арганізацый краіны — галоўная ўмова мiру, пра які ён казаў не раз. Выступленні нашага лідара не раз разрывалі на цытаты. Кароткі і ёмісты дэвіз з мерча першага «Распранайся і працуй», павінен стаць дэвізам кожнага патрыёта.

Паколькі я курырую развіццё сацыяльнай сферы раёна, асаблівую ўвагу я звярнула на ацэнку Кіраўніком дзяржавы дзейнасці сфер адукацыі, медыцыны, сацыяльнай абароны, культуры, дзейнасці маладзёжных арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі. У наш няпросты час сродкі масавай інфармацыі працуюць ва ўмовах інфармацыйнай вайны.

На ўсіх тэлевізійных каналах, на старонках газет і сайтах штодня адлюстроўваецца рэальнае жыццё краіны, распавядаецца аб нашых шматлікіх поспехах і абвяргаецца хлуслівая інфармацыя. Гэта праца заслугоўвае высокай ацэнкі, таму што такім чынам мы не даем магчымасці заходнім СМІ раз'яднаць наш народ, знішчыць нашу суверэнную дзяржаву.

На пасланні я зноў адчула велізарны гонар за сваю краіну, за поспехі людзей, якія сваёй штодзённай добрасумленнай працай ствараюць высокі імідж дзяржавы.