— Валянціна Васільеўна, у 2022/2023 навучальным годзе адбыліся змены ў правядзенні выпускнога іспыту па гісторыі Беларусі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. З чым яны звязаны?
— Да бягучага навучальнага года выпускны экзамен па гісторыі Беларусі здавалі навучэнцы 11 класа. Выпускны экзамен па гісторыі Беларусі праводзіўся ў вуснай форме, навучэнцы здавалі яго па экзаменацыйных білетах, у кожным — па тры пытанні. У 2022/2023 навучальным годзе выпускны іспыт па гісторыі Беларусі будуць здаваць 9-класнікі. Праверка ведаў таксама пройдзе ў вуснай форме і па экзаменацыйных білетах, распрацаваных Міністэрствам адукацыі. Дарэчы, экзаменацыйныя білеты ўжо размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале у раздзеле «Экзамены».
Вяртанне да правядзення выпускнога іспыту па гісторыі Беларусі ў 9-м класе, а такая практыка ў нас была да 2014 года, звязана, па-першае, са значнасцю гэтага навучальнага прадмета для выхавання патрыёта і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў базавай школы ў грамадстве. Па-другое, у 2015—2021 гадах адбылося абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі. Мы вярнуліся да канцэнтрычнай структуры школьнай гістарычнай адукацыі, пры якой гісторыя Беларусі як навучальны прадмет вывучаецца двойчы: у 6-9-м класах - на храналагічна-падзейным узроўні, у 10-11-м - на праблемна-тэарэтычным. Да заканчэння базавай школы вучні ўжо вывучылі гісторыю Беларусі са старажытных часоў па пачатак XXI стагоддзя.
— Якая структура экзаменацыйных білетаў па гісторыі Беларусі ў 9-м класе? Якіх перыядаў гісторыі будуць тычыцца першая і другая частка пытанняў?
— Для правядзення выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі ў 9-м класе распрацаваны 25 білетаў, кожны з якіх уключае два пытанні. Першыя і другія пытанні білетаў ахопліваюць увесь перыяд гісторыі Беларусі.
У экзаменацыйных білетах для 9-га класа ёсць вельмі важная змена. Першае пытанне кожнага білета накіравана на праверку засваення вучнямі важнейшых падзей гісторыі Беларусі, вывучаных у 6—9-м класах. Ён прадугледжвае ўзнаўленне навучальнага матэрыялу. Адказваючы на першае пытанне, вучань павінен апісаць названыя ў фармулёўцы пытання гістарычныя факты, указаць іх храналагічныя рамкі, назваць гістарычных асоб і даць вызначэнні паняццяў, якія маюць дачыненне да гэтых фактаў, а таксама растлумачыць найбольш істотныя прычынна-выніковыя сувязі паміж імі.
Другое пытанне экзаменацыйнага білета прадугледжвае выкананне практычнага задання, накіраванага на праверку ўменняў навучэнцаў працаваць з рознымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі. Уменне працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі - важны складнік функцыянальнай пісьменнасці сучаснага чалавека. Менавіта гэтым абумоўлена змена ва ўтрыманні экзаменацыйных білетаў.
У кожным білеце вучню будуць прапанаваны тры крыніцы інфармацыі па адпаведнай тэме і чатыры заданні да іх. Ён павінен паказаць уменні: знаходзіць інфармацыю ў прапанаваных крыніцах, інтэрпрэтаваць і ацэньваць яе, фармуляваць на яе аснове высновы, выкарыстоўваць інфармацыю для адказу на пастаўленае пытанне.
— Хто распрацоўвае практычныя заданні для экзаменацыйных білетаў?
— Усе 9-класнікі будуць здаваць выпускны экзамен па гісторыі Беларусі па адзіных практычных заданнях. Яны будуць размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале 25 мая 2023 года. Дэмаверсія практычнага задання для выпускнога экзамену ўжо прадстаўлена на нацыянальным адукацыйным партале.
Акрамя таго, з 1 лютага на нацыянальным адукацыйным партале ўведзены раздзел «Практычныя заданні для выпускнога іспыту». У яго ўключаны практычныя заданні да ўсіх экзаменацыйных білетаў. Гэтыя заданні распрацавалі настаўнікі гісторыі з усіх рэгіёнаў краіны. Менавіта з гэтага раздзела будуць выбірацца тыя практычныя заданні, па якіх будзе праводзіцца выпускны іспыт ва ўсіх установах адукацыі.
Больш падрабязна чытайце тут.
На здымку: 31-08-2021 г. Мінск. Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі. Падручнікі гісторыі. Адукацыя, гісторыя, кнігі. Фота Аляксандра Кулеўскага.