На жаль, вясной з-пад снегу з'яўляюцца не толькі першацветы, але і смецце, стыхійныя звалкі.
Па традыцыі, Мінпрыроды ініцыюе правядзенне месячніка па навядзенні парадку на зямлі. Сёлета акцыі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў правядуць з сакавіка да сярэдзіны мая. Экалагічная кампанія 2023 года пройдзе пад дэвізам «Мірная стваральная праца на карысць чыстай і зялёнай краіны!». Каб родны край стаў чысцейшым, падключыцца запрашаюць кожнага жыхара Беларусі.
У сакавіку ва ўсіх рэгіёнах краіны пройдуць мерапрыемствы па ўборцы і добраўпарадкаванні тэрыторый, а ў красавіку, калі прагрэецца зямля, Беларусь упрыгожаць тысячы маладых дрэў і кустоў, будуць закладзены сотні алей міру і стварэння.
У цяперашні час у мэтах актывізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі абласныя камітэты і раённыя інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяраюць стан тэрыторый уздоўж чыгунак, прыдарожных палос, прыпыначных пунктаў, садовых таварыстваў, гаражных кааператываў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый, тэрыторый дзяржаўнага ляснога фонду. Ажыццяўляецца праверка выканання схем абыходжання з камунальнымі адходамі, стану кантэйнерных пляцовак, наяўнасці кантэйнераў для паасобнага збору адходаў.
Наваполацкая гарадская і
раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў
і аховы навакольнага асяроддзя