Паляванне і рыбалка ў лютым 2023 года

08.02.2023

У апошні месяц зімы пералік паляўнічых відаў жывёл выглядае так:

  • Паляванне на кабана з 1 лютага па 31 сакавіка дазволена на працягу сутак ружэйным спосабам з засады, а таксама з падыходу. Паляваць на дарослага кабана старэйшага за два гады можна, выкарыстоўваючы наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў, гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі, падрыхтаванымі куляй, паляўнічыя лукі і арбалеты. Пры паляванні на кабана ва ўзросце да двух гадоў дапускаецца прымяняць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і іншыя вышэйназваныя прылады палявання.
  • На бабра і выдру схадзіць можна з 1 верасня па 31 сакавіка, але ёсць нюансы палявання па часе сутак. У светлы час на жывёл любога ўзросту і полу дазволена паляваць ружэйным спосабам з наразной паляўнічай зброяй з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў, гладкаствольнай – з патронамі, забяспечанымi куляй ці карцеччу, паляўнічымі лукамі і арбалетамі. Дапушчаецца ружэйнае паляванне з засады, з пад'езда з маламерных суднаў без рухавіка або з непрацуючым маторам, з падыходу, на норах, а таксама бяззбройнае – на норах і з выкарыстаннем пасткі (акрамя завес), паляўнічых сабак усіх парод, акрамя ганчакоў і хартоў. У цёмны час сутак на бабра і выдру можна паляваць ружэйным спосабам з засады, з падыходу толькі па паляўнічай пуцёўцы да дазволу тэрмінам дзеяння не больш за 24 гадзіны ў прысутнасці кіраўніка палявання. Прылады палявання тыя ж.
  • Паляванне на зубра дапускаецца ў рэзервовым генафондзе на жывёл любога полу і ўзросту на працягу года, але толькі ў светлы час сутак ружэйным спосабам з засады і з падыходу. Падчас палявання дазволена выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў.
  • Ваўка, шакала, лісіцу і янотападобнага сабаку здабываць можна цэлы год. На гэтых жывёл любога полу і ўзросту палююць ружэйным спосабам на працягу сутак з засады, з прынаджваннем, з падыходу, з пад'езда, загонам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з лоўчымі птушкамі.
  • Паляванне на баклана, чаплю шэрую і белую вялікую таксама дазволена цэлы год у светлы час сутак толькі на водных аб'ектах, прадстаўленых у бязвыплатнае карыстанне для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі або ў арэнду для рыбаводства, а таксама на водных аб'ектах рыбаводных арганізацый (рыбгасаў).

Што да рыбалкі, то ў апошні месяц зімы ўведзена забарона на лоўлю сома звычайнага і прамысловую лоўлю ўсіх вiдаў рыбы на зімавальных ямах, таксама па 28 лютага нельга лавіць мянтуза звычайнага.

Полацкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету

тэл.77-43-27

https://www.pvestnik.by/?p=96977