Кіберзлачынствы. Як не стаць ахвярай

06.02.2023

Развіццё тэлекамунікацыйных тэхналогій, імклівы рост колькасці электронных прылад і паслуг прывялі да павелічэння колькасці кіберзлачынстваў.

Найбольш распаўсюджаным відам праявы кіберзлачыннасці з'яўляецца крадзеж грашовых сродкаў з карт-рахункаў грамадзян. У большасці выпадкаў гэтыя злачынствы становяцца магчымымі ў выніку бестурботных дзеянняў саміх пацярпелых, якія падалі рэквізіты доступу да сваіх банкаўскіх рахункаў.

У выпадку паступлення званка «ад супрацоўніка банка» неабходна ўдакладніць яго прозвішча, нумар тэлефона, пасля чаго завяршыць размову і самім патэлефанаваць у банк.

ПАМЯТАЕЦЕ:

— Супрацоўнікі банкаўскіх устаноў ніколі не выкарыстоўваюць для сувязі з кліентам месэнджэры (Viber, Telegram, WhatsAрр).

— Для ажыццяўлення анлайн-плацяжоў неабходна выкарыстоўваць толькі надзейныя плацежныя сэрвісы, абавязкова правяраючы даменнае імя рэсурсу ў адрасным радку браўзэра.

— Не трэба захоўваць банкаўскія карты, іх фатаграфіі і рэквізіты ў месцах, якія могуць быць даступныя староннім асобам; гэта ж адносіцца да фатаграфій і іншых відаў інфармацыі канфідэнцыйнага характару.

— Варта ўстрымлівацца ад ажыццяўлення анлайн-плацяжоў, звязаных з перадаплатай тавараў і паслуг.

— Не варта пералічваць грашовыя сродкі на рахункі электронных кашалькоў, карт-рахункі банкаўскіх плацежных картак, рахункі SIM-карт па просьбе карыстальнікаў сеткі Інтэрнет.

— Для доступу да сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг), электронных паштовых скрыняў, акаўнтаў сацыяльных сетак і іншых рэсурсаў неабходна выкарыстоўваць складаныя паролі, якія выключаюць магчымасць іх падбору. Варта ўстрымацца ад такіх пароляў, як дата нараджэння, імя, прозвішча, - гэта значыць тых, якія лёгка вылічыць з агульнадаступных крыніц інфармацыі (напрыклад, тых жа сацыяльных сетак).

— Пры складанні плацежных дакументаў важна правяраць плацежныя рэквізіты атрымальніка грашовых сродкаў.

— Пры паступленні ў сацыяльных сетках паведамленняў ад асоб, якія знаходзяцца ў катэгорыі «сябры», з просьбамі аб прадастаўленні рэквізітаў банкаўскіх плацежных картак не варта адказваць на падобныя паведамленні, а неабходна звязацца з дадзенымі карыстальнікамі напрамую з дапамогай іншых сродкаў сувязі.

— Пры выяўленні факту ўзлому акаўнтаў сацыяльных сетак неабходна неадкладна аднаўляць да іх доступ з дапамогай службы падтрымкі або блакаваць, а таксама папярэджваць аб гэтым факце асоб, з якімі мелі зносіны з дапамогай дадзеных сацыяльных сетак.

— Нельга адкрываць файлы, якія паступаюць з незнаёмых адрасоў электроннай пошты і акаўнтаў месэнджараў, пераходзіць па спасылках у паведамленнях аб прызах і выйгрышах.

— Неабходна выкарыстоўваць ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, рэгулярна абнаўляць яго і аперацыйную сістэму; устанавіць антывірусную праграму не толькі на персанальны камп'ютар, але і на смартфон, планшэт і рэгулярна абнаўляць яе.

— Трэба азнаёміць з пералічанымі правіламі бяспекі сваіх сваякоў і знаёмых, якія ў сілу ўзросту або недастатковага ўзроўню фінансавай граматнасці могуць быць асабліва ўразлівыя для дзеянняў кіберзлачынцаў.

Ніколі, нікому і ні пры якіх абставінах не паведамляйце рэквізіты сваіх банкаўскіх рахункаў і банкаўскіх карт, у тым ліку асобам, якія прадставіліся супрацоўнікамі банка або праваахоўных органаў, пры адсутнасці магчымасці дакладна пераканацца, што гэтыя людзі тыя, за каго сябе выдаюць.

С.М.МІРАНОВІЧ,
першы намеснік
начальніка Полацкага РАУС -
начальнік крымінальнай
міліцыі.