Полацкая раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» павіншавала са святамі ўдзельніц праекта «Дом без адзіноты»

10.01.2023

Напярэдадні Новага года Полацкая раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» павіншавала са святам удзельніц праекта «Дом без адзіноты», дзяцей, якіх выхоўваюць адзінокія таты, школьнікаў з сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінокіх пажылых жанчын з сельскай мясцовасці.

Клапатлівыя актывісты акружылі ўвагай шматдзетную сям'ю Полацкага раёна, якая пражывае ў в. Бельчыцы.

«Хочацца выказаць падзяку нашым партнёрам з горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена за аказаную дапамогу ў набыцці падарункаў, — адзначыла лідар раённай арганізацыі жанчын Аліна Шчукіна. - Дзякуй вялікі і ўдзельнікам нашага сумеснага навагодняга дэсанту»

Убачыўшы Дзеда Мароза ў двары дома, дзеці сям'і Малюк дружна выбеглі яго сустракаць. Госці прывезлі прысмакі, а таксама цацкі. «Сельвыканкам нас кожны год віншуе. Дзякуй жансавету, што не абышлі ўвагай», — дзякавала шматдзетная мама Аксана Малюк. Святы тут сустракаюць у сямейным коле ў сваім вялікім доме. Усе рыхтуюцца актыўна, дзеці прывучаны да працы. На падворку — чатыры каровы, свінні, куры. Ёсць немалы ўчастак зямлі, трактар для яе апрацоўкі. «Малочныя прадукты не купляем, гародніны стараемся нарыхтаваць празапас», - распавядае гаспадыня дома. Яны з мужам прывыклі заўсёды і ва ўсім разлічваць на сябе, іх бацькі пажылыя, жывуць у Глыбоцкім раёне. Настрой ва ўсіх быў перадсвяточны, і пажаданні агульныя: каб ніхто не хварэў і канікулы праходзілі весела.

Разам з жансаветам па загадзя спланаваным маршруце адправіліся і супрацоўнікі полацкіх ГРАНС і РАУС, старшыня Экіманскага сельвыканкама Таццяна Скрыган. Апранутага ў касцюм Дзеда Мароза міліцыянера і актыўных грамадзяніц радасна сустракалі дарослыя і дзеці. Падлеткі чыталі вершы і выконвалі песні, цёплымі віншаваннямі былі расчуленыя да слёз адзінокія бабулі. Вяскоўцы таксама сталі ўдзельнікамі акцыі «Бяспечны Новы год» Полацкага ГРАНС.

Крыніца: pvestnik.by