Лукашэнка зацвердзіў новую рэдакцыю правілаў прыёму ў ВНУ

03.01.2023

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №2, якім зацвярджаецца новая рэдакцыя Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Правілы прыёму дапрацаваны з улікам вынікаў шырокага вывучэння грамадскай думкі і экспертных адзнак, а таксама апрабацыі асобных норм у ходзе ўступнай кампаніі 2022 года. У цэлым абноўленымі правіламі прыёму захоўваецца замацаваная Кодэксам аб адукацыі сістэма паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Больш падрабязна з абноўленымі правіламі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы можна азнаёміцца на інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Правілы накіраваны на павышэнне аб'ектыўнасці ацэнкі ведаў абітурыентаў і забяспечваюць захаванне прынцыпу роўнай магчымасці паступлення ў ВНУ. Імі таксама прадугледжваецца ўдасканаленне адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў для атрымання запатрабаваных эканомікай краіны спецыяльнасцяў», — адзначылі ў прэс-службе Прэзідэнта.

У прыватнасці, без уступных выпрабаванняў мяркуецца залічэнне пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд пры паступленні ў гэтыя ВНУ, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па рэкамендацыі назіральнага савета, выпускнікоў ліцэяў пры ўніверсітэтах пры паступленні ў дадзеныя ўніверсітэты, а таксама асоб, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі (пры паступленні на платную форму навучання).

Па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў пры паступленні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты.

Уводзяцца асаблівыя ўмовы паступлення на спецыяльнасці для Узброеных Сіл, транспартных войскаў і органаў пагранічнай службы. На названыя спецыяльнасці абітурыенты будуць здаваць толькі два прадметы (мова і адзін профільны прадмет у форме ЦЭ або ЦТ).

Прадугледжваецца прыём на мэтавую падрыхтоўку па выніках унутранага выпрабавання ў ВНУ ў вуснай або практычнай форме (у залежнасці ад спецыяльнасці). Пры падачы дакументаў для паступлення абітурыент павінен прадставіць характарыстыку са школы (каледжа). Указам таксама замацоўваюцца паўнамоцтвы Мінадукацыі па рэгуляванні асобных пытанняў правядзення ўступнай кампаніі, у тым ліку па вызначэнні парадку арганізацыі і правядзення ЦЭ і ўнутраных экзаменаў, тэрмінаў прыёму дакументаў і залічэння абітурыентаў.

«Мінадукацыі ў самыя кароткія тэрміны забяспечыць комплекс арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў указа, уключаючы ўнясенне змяненняў у адпаведныя пастановы Савета Міністраў, акты Міністэрства адукацыі і ВНУ. Па прынятых новаўвядзеннях будзе праведзена неабходная тлумачальная праца для абітурыентаў і іх бацькоў, у тым ліку ў СМІ. Прыняцце ўказа будзе спрыяць далейшаму ўдасканаленню нацыянальнай сістэмы адбору і падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй, зыходзячы з пазначаных Прэзідэнтам прынцыпаў справядлівага стаўлення да людзей і забеспячэння роўных умоў пры паступленні ў ВНУ», — дадалі ў прэс-службе.

Крыніца: pvestnik.by