Галоўную навагоднюю ёлку ўстанавілі ў Полацку

08.12.2022

Галоўную навагоднюю прыгажуню ўсталявалі на плошчы Свабоды. І зусім хутка яна заззяе рознакаляровымі агнямі.

Сёлета пухнатая ялінка пераадолела ня просты шлях, амаль 30 кіламетраў, скрозь завею і завіруху ехала яна да палачан.

- Яшчэ з кастрычніка пачаліся пошукі падыходзячага дрэва. Шмат елак нагледзелі, але самай прыгожай апынулася тая, што расла ў в.Асятно Гаранскага сельсавета, – распавёў начальнік спецаўтабазы КУП «ЖКГ г. Полацка» Валерый Казела.

Навагодняя прыгажуня вышэй 20 метраў, крона густая, пухнатая, іголачка да іголачкі.

Даставіць такую елка задача не з простых. Але работнікі КУП «ЖКГ г. Полацка» пастараліся. Яны акуратна яе ссеклі, беражліва паклалі на велізарны аўтамабіль-цягач ТУП «Белтэхнасэрвіс», замацавалі. І ялінка адправілася ў горад. Кіроўца-прафесіянал без прыпынкаў давёз прыгажуню да плошчы.

А там яе ўжо чакалі Дзед Мароз (Мікалай Марчанка), Снягурка (Дар'я Спірыдовіч) і іншыя казачныя персанажы (творчы калектыў ГДК).

Чароўны настрой усім, хто праходзіў міма, быў забяспечаны, бо не кожнаму пашанцуе сустрэць навагодняга чараўніка, ідучы з працы або з заняткаў. І дзеткі, і дарослыя, з задавальненнем расказвалі вершы Дзядулі Марозу, фатаграфаваліся са Снягуркай, зайчыкам, снегавікі, і тыграм.

Пакуль казачныя персанажы стваралі святочны настрой, работнікі КУП «ЖКГ г. Полацка» ўсталёўвалі пушыстую елачку. Зусім хутка яна апранецца ў прывабнае ўбранне і заззяе рознакаляровымі агнямі.

А 23 снежня ў 17.30 палачан і гасцей горада чакае ўрачыстае адкрыццё галоўнай ёлкі раёна.

Фота Іллі Швядко і Надзеі Калужонак.

Крыніца: pvestnik.by