Загарадная рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Полацку адкрыецца 15 снежня

08.12.2022

Адкрыццё загараднай рэзідэнцыі Дзядулі Мароза ў Полацку адбудзецца 15 снежня ў 14.00.

Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія зазірнуць у госці да галоўнага зімовага чараўніка чакае займальная навагодняя праграма. У гэтым годзе гасцям рэзідэнцыі трэба будзе прайсці лясны квэст, у ходзе якога ім трэба будзе сабраць аскепкі чароўнага люстэрка жаданняў. Не абыдзецца і без злой Бабы Ягі, якая будзе рабiць інтрыгі і паскудзіць аматарам прыгод. Галоўныя героі навагодняга свята дапамогуць удзельнікам квэста разгадаць таямніцу люстэрка.

Тэатралізаваныя паказы будуць праходзіць у пятніцу, суботу і нядзелю (выхадныя дні 31 снежня 2022 г. і 1 студзеня 2023 г.) у 11.00 і 14.00. А ў буднія дні Дзядуля Мароз і Снягурка з радасцю будуць чакаць на навагодні майстар-клас. Зазірнуць да галоўнага чараўніка ў госці можна будзе з панядзелка па чацвер у 11.00, 12.00 і 14.00.

У рэзідэнцыі ўсталявана спецыяльная паштовая скрыня для лістоў Дзеду Марозу. Кожны жадаючы можа напісаць ліст з самымі запаветнымі пажаданнямі. Гасцей чакае і фотасесія з казачнымі персанажамі.

Рэзідэнцыя знаходзіцца на базе аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі па адрасе: Віцебская вобласць, г. Полацк, вул.Валогіна, д. 1а. Праезд аўтобусам нумар 4 (Баравуха -2) да прыпынку Дом турыста.

Тэлефон для даведак і замовы навагодніх казачных квэстаў арганізаванымі экскурсійнымі групамі 8 (0214) 49-53-96.

Крыніца: pvestnik.by