Ахове працы на прадпрыемствах Полацкага раёна надаецца належная ўвага

06.12.2022

З мэтай абмену вопытам работы ў сферы аховы працы на базе ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» адбылося выязное пасяджэнне камісіі Полацкага раённага выканаўчага камітэта па прафілактыцы прафесійнага захворвання і вытворчага траўматызму, якую ўзначальвае намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандр Каладынскі.

Мерапрыемства пачалося з азнаямлення з працай прадпрыемства. Госці наведалі цэх па вытворчасці прэміксаў, а затым ацанілі выставу спецадзення, сродкаў абароны, гаспадарчага інвентара, якія можна набыць у прадстаўніцтве ТАА «Бяспека працы» ў г.Полацку, і прадукцыі ТДА «Біла», размешчанага ў г.п.Ветрына.

Адкрыў нараду намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандр Каладынскі, які адзначыў, што пытанням аховы працы на прадпрыемствах трэба надаваць пастаянную ўвагу. Выступоўца прывёў статыстыку загінуўшых у 2022 годзе на пажарах і вытворчасці, канстатаваўшы, што некаторыя няшчасныя выпадкі здарыліся па віне работнікаў, якія знаходзiлiся ў стане алкагольнага ап'янення. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Касьянава расказала аб рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» па выніках 9 месяцаў. На вытворчасці ў выніку няшчасных выпадкаў загінулі 3 чалавекі, 3 работнікі атрымалі вытворчыя траўмы. Усе выпадкі разгледжаны адпаведнай камісіяй райвыканкама, прыняты шэраг кіраўнічых рашэнняў. Генеральны дырэктар ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Ярахновіч праінфармаваў аб рабоце, што праводзіцца на прадпрыемстве, па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны, адзначыўшы, што задача — мінімізацыя фактараў, якія могуць прывесці да вытворчага траўматызму. З 2020 года няшчасных выпадкаў на камбінаце не зафіксавана.

«Адзін з прыярытэтаў - бяспека дарожнага руху ў цёмны час сутак. Кіраўнікам прадпрыемстваў трэба звярнуць увагу работнікаў на неабходнасць нашэння флікераў», — адзначыла Святлана Касьянава і прывяла ў якасці станоўчага прыкладу досвед працы філіяла «Полацкводаканал», дзе ў рамках Тыдня нулявога траўматызму работнікам уручаны флікеры з заклікам выконваць правілы бяспекі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ірына Дзёмінава расказала пра інфармацыйна-тлумачальную работу па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны ў рамках Дырэктывы № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «З пачатку года ад знешніх прычын загінулі 57 чалавек, лічба прымушае задумацца аб сістэмнай, пастаяннай рабоце па выкананні норм аховы працы», — падкрэсліла выступоўца.

Пытанне стану аховы працы, вытворчай і выканальніцкай дысцыпліны разгледжана на 2 пасяджэннях райвыканкама, прынята 15 распараджэнняў, праведзена 7 пасяджэнняў камісіі па ахове працы, праведзена 8 месячнікаў бяспекі, па пытаннях аховы працы прайшлі праверку 154 кіраўніка і спецыяліста арганізацый. Мабільная група правяла абследаванне 48 арганізацый, падчас якіх выяўлена 968 парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, з якіх 593 аператыўна ліквідаваны. Ад выканання працоўных абавязкаў адхілена 38 работнікаў, прыпынена работа 31 адзінкі тэхнікі.

Намеснік галоўнага ўрача Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы Алег Барысаў праінфармаваў аб выкананні комплексу мер па дасягненню аптымальных узроўняў ахопу бустэрнай вакцынацыяй насельніцтва супраць каранавіруснай інфекцыі.

Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ.

Крыніца: pvestnik.by