Палачане прынялі ўдзел у маштабным міжнародным мерапрыемстве «Тыдзень бізнесу-2022» у г. Мінску

05.12.2022

Разнапланавыя па кантэнце мерапрыемствы, разлічаныя на самую шырокую аўдыторыю, прайшлі ў рамках Тыдня прадпрымальніцтва-2022. Палачане прынялі ўдзел у маштабным міжнародным мерапрыемстве «Тыдзень бізнесу—2022» у г.Мінску.

Форум, прысвечаны інавацыям, трэндам і сучасным тэхналогіям, быў сфакусаваны на практычнай карысці для ўдзельнікаў, атрыманні імі канкрэтных парад па развіцці бізнесу.

У фармаце адкрытага дыялогу кіраўнікі розных структур, маркетолагі, прадуктолагі, распрацоўшчыкі абмяркоўвалі ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, тэндэнцыі развіцця дадзенага сектара эканомікі, праблемныя аспекты дзелавога асяроддзя і варыянты іх вырашэння.

Прадстаўнікі полацкага рэгіёна і нашы партнёры, якія наведалі мерапрыемствы Тыдня бізнесу, падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Марыя Кушнер, студэнтка фінансава-эканамічнага факультэта ПДУ:
— Майстар-класы, абмеркаванне пабудовы бізнесу, бясплатныя кансультацыі спецыялістаў і шмат іншага выклікалі захапленне. Адным з самых карысных для мяне стаў майстар-клас па дэталёвай пабудове фінансавай мадэлі бізнэсу/стартапу. Пашчасціла пазнаёміцца і абмяняцца кантактамі з карыснымі людзьмі ў сферы развіцця і падтрымкi малога і сярэдняга бізнесу.

Данііл Журня, студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ:
— Паездка зарадзіла энергіяй на доўгі час! Людзі, якія там выступалі, літаральна прасякнуты і жывуць уласнымі ідэямі. Жадаецца таксама знайсці сваю справу. Спадзяюся, што на такія мерапрыемствы студэнтаў будуць запрашаць часцей.

Карына Ластачкіна, студэнтка фінансава-эканамічнага факультэта ПДУ:
— Было цікава слухаць пра прэзентацыю для інвестараў — класная падача і актуальная інфармацыя. Больш за ўсіх запомнілася менавіта гэта тэма, хаця пра франшызы, фінансавую мадэль і падатковы кодэкс было цікава паслухаць.

Паліна Лапцінская, студэнтка фінансава-эканамічнага факультэта ПДУ:
— Галоўная выснова, якую я зрабіла: якую б крутую тэму ты ні прынёс, калі не ўмееш правільна яе прэзентаваць, усё страціць сэнс . Вельмі спадабаўся выступ Наталлі Цемчанка, відаць, што чалавек сапраўды гарыць сваёй справай.

Алеся Карначова, начальнік упраўлення эканомікі Полацкага райвыканкама:

— У рамках працы савета па развіцці прадпрымальніцтва ў цесным узаемадзеянні з рэгіянальнымі супрацоўнікамі ААТ «Белаграпрамбанк» і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай мы ўдзельнічалі ў бізнес-тыдні.

Нам з кіраўніком полацкага Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва ўдалося сустрэцца і паразмаўляць з камандамі самых перадавых стартапаў у галіне сельскай гаспадаркі, пытанні развіцця якога актуальны для Полаччыны. Другі дзень прысвячаўся малому і сярэдняму бізнесу, праблемам, а таксама спосабам іх вырашэння, аб якіх мы ўжо інфармуем нашы рэгіянальныя арганізацыі. У дзень стартапаў для найлепшых студэнтаў ПДУ была арганізавана і аплачана паездка на мерапрыемства. Такім чынам мы з Цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва як прадстаўніком савета па развіцці прадпрымальніцтва Полацкага раёна вырашылі падтрымаць нашы будучыя кадры.

У цяперашні час у нас ужо абмяркоўваюцца мерапрыемствы, якія можна правесці ў рэгіёне на аснове досведу бізнэс-тыдня.

Аляксандр Галубёнак, дырэктар УККП горада Полацка «Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва»:
— Пабывалі на мерапрыемствах самі і падтрымалі студэнтаў. Гэта трэба для прыцягнення ўвагі экспертаў па розных кірунках у наш родны рэгіён. Напрыклад, спецыялістаў у галіне дакладнага земляробства, увогуле - цыфравізацыя аграбізнесу. Як вынік паездкі — наяўнасць пэўных дамоўленасцей аб правядзенні ў рэгіёне круглага стала на тэму дакладнага земляробства, магчыма, з майстар-класамі. Каштоўна і важна, што наша актыўная моладзь, лепшыя студэнты ўніверсітэта ў стартап-дзень атрымалі ад бізнес-кансультантаў правільныя ўстаноўкі і ўжо карэкціруюць свае ідэі і праекты, гатовы прасоўваць іх на рэгіянальных, а затым і на рэспубліканскіх, міжнародных пляцоўках.

Кацярына Ісачэнка, кіраўнік Цэнтра прыцягнення IGROW ААТ «Белаграпрамбанк» у Віцебскай вобласці, які падтрымлівае ініцыятывы бізнес-супольнасці і патэнцыял студэнцтва полацкага рэгіёну:
— Мінулы «Тыдзень бізнесу–2022» сабраў на сваёй пляцоўцы актыўных прадстаўнікоў дзелавога асяроддзя. Мерапрыемствы закраналі актуальныя пытанні развіцця прадпрымальніцтва і былі разлічаны на шырокую аўдыторыю. Яркім завяршальным акордам прагучаў Demo-day Стартап-марафона, дзе каманды пачынаючых прадпрымальнікаў прэзентавалі патэнцыйным фундатарам свае бізнэс-праекты. І тут студэнцкі актыў ПДУ натхняўся духам барацьбы і магчымых перспектыў для ўласных бізнес-ідэй.

Вікторыя Дзеравяга, студэнтка кафедры сацыяльных камунікацый фінансава-эканамічнага факультэта ПДУ:
— Наведала майстар-класы, набыла карысныя знаёмствы. Самым запамінальным стаў майстар-клас ад Канстанціна Уладзімірава «Прадаючая прэзентацыя для інвестараў». Ацаніла магчымасць асабістых зносін з прадстаўнікамі банка і атрыманне кантактаў для магчымага супрацоўніцтва. Прыемным завяршэннем стала наведванне воркшопа «Сусветнае кафэ», дзе мне ўдалося пазнаёміцца і пагутарыць з кіраўнікамі фірм, коучамі і проста пазітыўнымі людзьмі.

Акім Галубёнак, студэнт факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ:
— Пагутарыў з арганізатарамі, сустрэў ужо знаёмыя каманды, знайшоў новыя сувязі. Здзівіла, што было мала моладзі. Лічу, што наведванне студэнтамі і старшакласнікамі такіх мерапрыемстваў мусіць быць арганізавана на рэгулярнай аснове. Гэта падштурхне моладзь да стварэння ўласных праектаў, і ў выніку будзе рэалізоўвацца вельмі важная канцэпцыя «Універсітэт 3.0», умацуецца сувязь адукацыі, навукі і бізнесу.

…Выдатна, што ў полацкіх студэнтаў, разам з прадстаўнікамі ўлады і кіраўнікамі бізнес-структур, таксама была магчымасць далучыцца да мерапрыемстваў «Тыдня бізнесу-2022». Няхай новыя веды і знаёмствы натхняць іх на генераванне цікавых, перспектыўных, карысных для грамадства ідэй. А ў цэлым, як было адзначана міністрам эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Чарвяковым у звароце да бізнес-супольнасці ў сувязі з адкрыццём Тыдня прадпрымальніцтва-2022, хацелася б, каб назапашаны вопыт у далейшым канвертаваўся ў практычныя рашэнні.

Аказваць садзейнічанне гэтаму працэсу закліканы усе суб'екты гаспадарання рэгіёна. Толькі так, умацоўваючы ўзаемадзеянне на канкрэтных мерапрыемствах, вывучаючы, пераймаючы перадавы вопыт і абменьваючыся ім, развіваючы кадравы патэнцыял, фарміруецца магутная рэгіянальная высокатэхналагічная прадпрымальніцкая экасістэма, з аднаго боку, якая прываблівае лепшых выпускнікоў нашых устаноў адукацыі, а з другога - інвестараў міжнароднага ўзроўню.

«Моцны рэгіён праз развіццё інавацыйнай прадпрымальніцкай экасістэмы» - такую формулу прапануецца закласці ў аснову мерапрыемстваў па развіцці малога і сярэдняга бізнесу Полацкага раёна. Упраўленне эканомікі Полацкага райвыканкама і Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва заклікаюць уносіць ініцыятыўныя прапановы па гэтым пытанні для разгляду на пасяджэнні савета па развіццю прадпрымальніцтва.

На здымку: студэнты ПДУ са старшынёй Асацыяцыі трэкераў і бізнес-кансультантаў Юліяй Башко і Кацярынай Ісачэнка.

Крыніца: pvestnik.by