Полацкія суддзі адзначаць сваё прафесійнае свята

05.12.2022

Непрадузятасць, аб'ектыўнасць, няўхільнае прытрымліванне літары закона — неабходныя ўмовы ў судзейскай працы. Гэтыя прынцыпы выконваюць як вопытныя, так і маладыя суддзі суда Полацкага раёна і г.Полацка, з якімі мы пазнаёміліся напярэдадні іх прафесійнага свята — Дня юрыста.

У кожнага з іх быў свой шлях у прафесію, але іх аб'ядноўвае жаданне абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян.

Напярэдадні прафесійнага свята словы віншаванняў калегам — калектыву суда, а таксама тым, хто звязаў сваю прафесійную дзейнасць з юрыдычнымі навукамі, — адрасавала старшыня суда Полацкага раёна і г.Полацка Валянціна Леанідаўна Нікіціна, якая пажадала ўсім паспяховай працы, добрага здароўя, шчаслівай сямейнай утульнасці і ўсіх даброт, якія так неабходны і ім, нашым слаўным юрыстам і правазнаўцам! З Днём юрыста!

Пільны адбор

«Юрыспрудэнцыя - навука, якая дазваляе нам арыентавацца ў жыцці. Ва ўсіх сферах жыццядзейнасці ёсць пытанні, якія патрабуюць рашэння з прававога пункту гледжання», — упэўнены намеснік старшыні суда Полацкага раёна і г.Полацка Дзяніс Генадзевіч Васіленка.

Сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта малады чалавек пачынаў у ААТ «ПСВ». Затым паступіла прапанова здаць прафесійны іспыт у Віцебскім абласным судзе, а ў наступным - пацвердзіць свае веды ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, каб атрымаць права чыніць правасуддзе. Дзяніс Генадзевіч паспяхова прайшоў выпрабаванні і ў ліпені 2017 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў назначаны суддзёй суда Полацкага раёна і г.Полацка, а ў 2022 годзе — суддзёй і намеснікам старшыні суда.

Тактычнасць, імкненне старанна разабрацца ў сутнасці кожнага пытання і спрэчкі, узважанасць пры прыняцці кожнага рашэння — адметныя рысы характару Дзяніса Генадзевіча Васіленкі.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне стабільных паказчыкаў у працы і па выніках працы 2021 года Д.Г. Васіленка занесены на дошку гонару Віцебскага абласнога суда.

Ідучы за марай

Імкненне ўвасобіць дзіцячую мару аб пагонах, сабаку, справядлівым пакаранні для ўсіх злачынцаў прывяло Яніну Сяргееўну Марцулевіч на юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага факультэта.

Пасля заканчэння ВНУ дзяўчына 4 гады працавала ў Следчым камітэце, дзе займалася расследаваннем эканамічных і карупцыйных злачынстваў, выкладала ва ўніверсітэце, удзельнічала ў міжнародных канферэнцыях. На адной з іх маладога юрыста заўважыла старшыня суда Полацкага раёна і г.Полацка Валянціна Леанідаўна Нікіціна, якая і прапанавала дзяўчыне паспрабаваць здаць неабходныя іспыты, каб стаць суддзёй.

— Адразу пагадзілася, бо гэта для мяне была магчымасць кар'ернага росту, прафесійнага развіцця, — расказвае Яніна Сяргееўна.

І ў 2021 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь малады юрыст была прызначана суддзёй суда Полацкага раёна і г.Полацка. Яніна Сяргееўна Марцулевіч разглядае крымінальныя і адміністрацыйныя справы. Яна заўсёды патрабавальная, увесь час павялічвае свой прафесійны ўзровень.


А.Д. Дралава і Я.С. Марцулевіч.

Свядомы выбар

Прафесія суддзі — свядомы выбар Аліны Дзмітрыеўны Дралавай. Яшчэ ў школе яна вырашыла, што будзе юрыстам, каб дасканала ведаць законы і дапамагаць людзям абараняць іх правы. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з 2013 года працуе ў судзе Полацкага раёна і г.Полацка. Спачатку яна была сакратаром судовага пасяджэння, затым стажорам суддзі, а з верасня гэтага года - суддзёй.

— Будучы сакратаром судовага пасяджэння, пераканалася, што хачу працягнуць тут працу, развівацца, каб дапамагаць людзям. Калі дасягнула патрэбнага ўзросту, а за плячыма быў дастатковы юрыдычны стаж, заручыўшыся падтрымкай сям'і, здала іспыты, - падзялілася Аліна Дзмітрыеўна.

Маладая суддзя імкнецца штодня ўдасканальваць свае веды, уменні і навыкі пры ажыццяўленні правасуддзя. Бо важна ўмець хутка пераключацца з працэсу на працэс, добра арыентавацца ў розных сферах заканадаўства, пры гэтым заўсёды прымаць узважаныя рашэнні.

Разважлівасць Саламона

Чытанне твораў пра цара Саламона, які дапамагаў людзям вырашаць спрэчкі, умеў справядліва разважыць два непрымірымыя бакі, і стала вырашальным у выбары будучай прафесіі суддзі Алены Сяргееўны Напрыенкі. Пасля заканчэння Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа (зараз эканамічны каледж) малады юрыст працавала судовым выканаўцам і працягвала вывучэнне заканадаўства і прававых норм у Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. П.М.Машэрава. У маі гэтага года Алена Сяргееўна прызначана суддзёй суда Полацкага раёна і г.Полацка.


А.С. Напрыенка.

Яна займаецца разглядам грамадзянскіх спраў, дэталёва іх вывучае, каб вырашыць спрэчку з пункту гледжання закона, і пры гэтым улічыць інтарэсы кожнага боку.

— Люблю сваю працу за магчымасць дапамагаць людзям абараніць іх законныя інтарэсы, вырашыць спрэчку, канфлікт з прававога пункту гледжання, — адзначыла Алена Сяргееўна Напрыенка.

Дзень юрыста адзначаецца ў першую нядзелю снежня. Штогадовае святкаванне было замацавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». Людзям, чыя прафесійная дзейнасць звязана з фарміраваннем і развіццём прававой цэласнасці грамадства і дзяржавы, і прысвечана гэта падзея. Сваё прафесійнае свята адзначаюць не толькі юрысты, але і ўсе тыя, хто стаіць на варце закона. Гэта суддзі, адвакаты, пракуроры, натарыусы, выкладчыкі юрыдычных факультэтаў, вучоныя і многія іншыя спецыялісты. Нягледзячы на спецыфіку кожнай з прафесій, мэта ўсё ж адна - бездакорнае прытрымліванне трох галоўных складнікаў юрыспрудэнцыі: Закону, Праўды і Справядлівасці.

Бачыць вынік

Аб працы суддзяў Ганна Уладзіміраўна Белавус ведала не па чутках: будучы студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, праходзіла практыку ў судзе Полацкага раёна і г.Полацка.


А.У. Белавус.

— Цяжкасцяў і выпрабаванняў не баялася, але пасля заканчэння ўніверсітэта бачыла сябе юрыстам на прадпрыемстве ці ў банку, — падзялілася суддзя Ганна Уладзіміраўна.

Спачатку працавала год на прыватным прадпрыемстве, а затым больш за 20 гадоў у ААТ «ААБ Беларусбанк».

— З часам зразумела, што трэба рухацца далей, расці прафесійна, і я прыйшла ў суд, — расказала Ганна Уладзіміраўна Белавус.

Як і ўсе суддзі, яна здала іспыты ў Віцебскім абласным судзе, Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь і ў маі гэтага года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначана суддзёй суда Полацкага раёна і г.Полацка.

— Я хачу бачыць вынік і разумець, што маё рашэнне прынесла карысць, дапамагло людзям, — падкрэсліла Ганна Уладзіміраўна Белавус.

Суддзі суда Полацкага раёна і г.Полацка граматна і ўзважана, а галоўнае справядліва, прытрымліваючыся літары закону, вырашаюць задачы, якія стаяць перад імі.

Крыніца: pvestnik.by