100-годдзе развіцця спорту адсвяткавалі ў Полацку

02.12.2022

На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-гадовай гісторыі развіцця фізічнай культуры і спорту ў нашым горадзе, у СШ №18 ім.Еўфрасінні Полацкай сабраліся людзі, жыццё якіх непарыўна звязана са спортам, — ветэраны, трэнеры і спартсмены.

У першым шэрагу актавай залы ганаровае месца займаў Андрэй Праневіч, чэмпіён Паралімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь па паралімпійскім фехтаванні, ганаровы грамадзянін г.Полацка. Яго ўзыходжанне на вяршыню спартыўнага алімпу - прыклад для ўсіх спартсменаў нашага горада.

Запрошаныя на мерапрыемства ветэраны спорту шчыра радаваліся сустрэчы адзін з адным, з гонарам успаміналі, што годна выконвалі запатрабаваную, высакародную місію па далучэнні грамадзян, асабліва моладзі, да заняткаў фізічнай культурай і спортам, да ўсведамлення каштоўнасці здаровага, актыўнага ладу жыцця.

Запрошаныя на мерапрыемства з цікавасцю глядзелі дакументальны фільм, створаны па ініцыятыве загадчыка Краязнаўчага музея - філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ірынай Водневай, пра векавую гісторыю полацкага спорту, якая пачала адлік 7 лістапада 1921 года. Многія з прысутных у зале ўспаміналі вядомыя ім факты і імёны, якія ўвайшлі ў кінахроніку, ветэраны нібы вярнуліся ў сваю маладосць, калі яны, а пазней іх выхаванцы дасягалі высокіх спартыўных вяршыняў. Кадры кінафільма змяняліся паказальнымі выступленнямі спартсменаў, якіх гледачы віталі апладысментамі.

У кожным відзе спорту, які развіваецца ў 4 спартыўных установах нашага горада, ёсць першапраходцы, знакамітасці і паслядоўнікі. Усю інфармацыю не змесціць ні адна кінастужка. Але арганізатары мерапрыемства пастараліся знайсці і назваць імёны самых адданых спорту людзей, якія трэба ўпісаць у слаўную гісторыю развіцця спорту залатымі літарамі.

Шчыра віншаваў прысутных з гістарычнай датай старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. Ён уручыў Ірыне Водневай, загадчыку Краязнаўчага музея, Ганаровую грамату ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама за распрацоўку і рэалізацыю інавацыйнага аўтарскага адукацыйна-выхаваўчага праекта «На шляху да спартыўных вяршыняў».

Цёплыя словы гучалі са сцэны ад Ганаровага грамадзяніна г.Полацка, члена прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо Уладзіміра Тачыла, старшыні Полацкай першаснай арганізацыі Беларускай ГА «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» Аляксандра Аўдачонка, заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь, трэнера-выкладчыка Полацкай СДЮШАР-2 па лёгкай атлетыцы Міхаіла Мяшкова. Шмат каму ўручаліся падзячныя лісты за асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту.

Пытанні развіцця спорту знаходзяцца на пастаянным кантролі, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні. У чэрвені 2022 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняты праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры і спорту», які ўнёс карэкціроўкі ў прававое рэгуляванне ў сферы фізічнай культуры і спорту.

100 -годдзе Полацкага спорту - знакавая падзея. Дзякуючы мэтанакіраванасці, сіле волі, нашы спартсмены і іх настаўнікі праслаўляюць Полаччыну.

Асаблівыя словы падзякі ветэранам спорту, якія сваім прыкладам выхоўваюць моладзь.

Жадаю ўсім алімпійскага здароўя, няхай перамогі будуць вашымі вернымі спадарожнікамі на спартыўных арэнах і ў жыцці!

С.У.Адзінцова, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.

Багатая гісторыя сабрана супрацоўнікамі Краязнаўчага музея дзякуючы дапамозе неабыякавых палачан — кіраўнікоў, былых і цяперашніх трэнераў-выкладчыкаў полацкіх спартшкол, спартсменаў, ветэранаў. Загадчык Краязнаўчага музея Ірына Воднева ўручыла падзякі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка актыўным памочнікам.

На свяце ішла размова пра прымеркаваныя да юбілейнай даты мерапрыемствы: інфармацыйных гадзінах, флэшмоб «Спорт-100!», анлайн-чэленджэ для аматараў ЗЛЖ. На сцэну запрасілі пераможцаў конкурсу «Здароўе - багацце ва ўсе часы: паўтары спартыўнае фота з мінулага!», партнёрам якога выступала рэдакцыя газеты «Полацкі веснік».

Каманда трэнераў і спартсменаў аддала даніну павагі ветэранам за падзвіжніцкую працу на славу спорту. Пачатая імі справа працягваецца. Пры падтрымцы дзяржавы ўдасканальваецца спартыўная інфраструктура, удзяляецца ўвага падрыхтоўцы кадраў, развіццю масавага спорту.

Фота Іллі ШВЯДКО.

Крыніца: pvestnik.by