У Полацкім раёне цалкам сфарміраваны стабілізацыйны фонд плодаагародніннай прадукцыі

02.12.2022

Фарміраванне стабілізацыйных фондаў завяршылася. У гэтым годзе аб'ёмы запасаў плодаагародніннай прадукцыі значна павялічаны.

Праверкі ўмоў захоўвання нарыхтовак спецыялісты Камітэта дзяржкантролю праводзяць ва ўсіх рэгіёнах. Да працы падключыліся прадстаўнікі прафсаюзаў, Міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

На бягучым тыдні маніторынг прайшоў і на Полаччыне. У склад рабочай групы ўвайшлі Франц Венсковіч, загадчык сектара кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК Віцебскай вобласці, Вольга Захаранка, старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў, Юлія Хахлова, галоўны спецыяліст аддзела гандлю і паслуг Полацкага райвыканкама. У цэнтры ўвагі - стабілізацыйны фонд ААТ «Полацк-гандаль».

- Сховішча разлічана на 1000 тон, але на сённяшні дзень такі аб'ём не запатрабаваны, бо стабфонды асобна закладваюцца пад патрэбнасць для рознічнага гандлю ў 14 крамах «Полацк-гандлю», а таксама для забеспячэння харчавання ўстаноў адукацыі, - каментуе Алена Андрэева, дырэктар ААТ «Полацк-гандаль».

Пладаагароднінная прадукцыя, размешчаная ў сховішчы, айчыннай вытворчасці. Закупка адбываецца ў Глыбоцкім, Верхнядзвінскім, Шаркаўшчынскім раёнах, а таксама ў аграгарадку Альшаны Брэсцкай вобласці.

Падчас маніторынгу правераны дакументацыя, тэхнічны стан не толькі саміх сховішчаў, але і халадзільных камер, увага звернута на выкананне рэжымаў вільготнасці і тэмпературы.

— Прадукцыя добрай якасці, ёсць адпаведная дакументацыя. Тавар закуплены і закладзены своечасова, рэжым правільнага захоўвання выконваецца. Ёсць асобныя арганізацыйныя заўвагі, бытавыя пытанні, якія кіраўніцтва прадпрыемства павінна вырашыць аператыўна, - падвёў вынікі маніторынгу Франц Міхайлавіч. КДК выпіша адпаведныя рэкамендацыі.

Праца па маніторынгу стабфондаў у міжсезонны перыяд будзе праводзіцца ўвесь час. КДК створана працоўная група, куды ўваходзяць прадстаўнікі мясцовай улады і прафсаюзаў. На кантролі этапы рэалізацыі прадукцыі, а таксама наяўнасць неабходных аб'ёмаў тавараў.

Стабілізацыйныя фонды харчовых тавараў, якія зацвярджаюцца штогод, закліканы забяспечыць гандлёвыя сеткі свежай гароднінай. Згодна з пастановай Саўміна ад 04.10.2022 № 658 у стабілізацыйныя фонды закладваюцца тавары, вытворчасць якіх носіць сезонны характар ​​(бульба, белакачанная капуста, морква, буракі, рэпчатая цыбуля і яблыкі) або запасы якіх неабходна стварыць з улікам забеспячэння збалансаванасці спажывецкага рынку.

Фота Віктара Чарняўскага.

Крыніца: pvestnik.by