Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Ірына Дзёмінава, адбылося 87 дыялогавых пляцовак, у якіх прынялі ўдзел 5112 чалавек. Спікерамі ў іх выступілі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, дэпутаты. Найбольш актыўныя дыскусіі адбыліся ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Полацк-Шкловалакно», упраўленні па адукацыі райвыканкама, ААТ «Полацкі малочны камбінат», філіяле «Полацкая ЦЭЦ», ГУЗ «Полацкая ЦГБ», ПУ «Полацкгаз» і іншых.
Падчас сустрэч паступілі пытанні і прапановы для ўнясення ў законапраекты. Так, у арт. 5 гл. 2 праекта Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе» ідзе гаворка пра склад УНС, у прыватнасці, запісана, што яго дэлегатамі з'яўляюцца «прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці». Што гэта азначае, пыталіся ў шэрагу калектываў.
Прапанова аб неабходнасці раскрыць у новым законе сутнасць гэтай катэгорыі грамадства накіравана на сайт «Прававы форум Беларусі».
Актыўна абмяркоўваліся і арт. 9 гл. 2 аб дэлегатах УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў, паўнамоцтвы дэлегатаў папярэдняга, VI Усебеларускага народнага сходу. На думку Ірыны Дзёмінавай, такія формы працы, як сустрэчы ў працоўных калектывах, дыялогавыя пляцоўкі, паказалі сваю эфектыўнасць. Праходзіла жывая зацікаўленая гутарка аб будучыні. Яе вынікі будуць разгледжаны на пасяджэнні Каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый.
Пры абмеркаванні праекта Закона «Аб змяненні выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь» былі адзначаны такія новаўвядзенні, як адмова ад шторак у кабінах для галасавання, праца падчас выбарчай кампаніі тэлефонаў гарачай лініі, акрэдытацыя назіральнікаў толькі да пачатку датэрміновага галасавання, а таксама змяненне рэжыму работы ўчастковых камісій пры датэрміновым галасаванні.
Крыніца: pvestnik.by