З пакалення герояў... Пайшоў з жыцця Мікалай Філіпавіч Сушкоў, падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны

05.11.2022

28 кастрычніка 2022 года на 97-м годзе пайшоў з жыцця Мікалай Філіпавіч СУШКОЎ, падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, чалавек няўрымслівай энергіі, поўны аптымізму.

Мікалай Філіпавіч нарадзіўся 6 снежня 1925 года ў сяле Мікольскім Варонежскай вобласці. З дзяцінства марыў стаць вайскоўцам. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 15 год. Але ён баяўся, што не паспее паваяваць. Паспеў. У студзені 1943 года Мікалай Сушкоў быў мабілізаваны. Скончыў палкавую школу з прысваеннем звання «малодшы сяржант» і быў накіраваны ў 876-й полк 276-й стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронту. Аднак на гэтым вайсковая вучоба не скончылася. У чэрвені-лістападзе 1944 года вучыўся на курсах малодшых лейтэнантаў, пасля заканчэння якіх атрымаў прызначэнне ў 70-ю брыгаду 3-й танкавай арміі 1-га Украінскага фронту. Вызваляў Украіну, Польшчу, Чэхаславакію, удзельнічаў у баях у Германіі. Пасля вайны служыў ва Украіне, потым у складзе групы войскаў у Германіі.

Сваю працоўную дзейнасць пачынаў у 1947 годзе рабочым на Турбаўскім шклозаводзе (Украіна). Затым тут жа быў начальнікам змены, а потым настаўнікам фізкультуры ў Турбаўскай школе-сямігодцы.

З 1949 года больш за 30 гадоў служыў у Савецкай арміі. З 1963 года ён у Полацку, служыў у мотастралковым палку. У 1973 годзе дэмабілізаваўся. За гераізм, праяўлены падчас Вялікай Айчыннай вайны, і за перыяд службы ў радах Савецкай арміі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» , «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», «За бездакорную службу» І і ІІ ступені. Меў больш за пяцьдзесят розных медалёў, нагрудных знакаў.

З 1973 па 2007 год ён выкладаў ваенную падрыхтоўку, фізкультуру і спецпадрыхтоўку ў школах раёна і горада, вёў фотагурток у Цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці. Яго ўрокі і заняткі былі заўсёды цікавымі і займальнымі.

З'яўляючыся педагогам, Мікалай Філіпавіч актыўна працаваў спачатку ў Полацкай гарадской, а пасля аб'яднання Полацка і раёна, у раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў. Ён узначальваў першасную ветэранскую арганізацыю ЖРЭУ №4, удзельнічаў у сацыяльных праектах, стараўся зрабіць жыццё навакольных яркім і насычаным.

У 1982 годзе ён пайшоў на заслужаны адпачынак, але працягваў працаваць з моладдзю, займаючыся ваенна-патрыятычным выхаваннем. У рамках правядзення акцыі «Гаварыце праўду пра вайну» дзяліўся ўспамінамі, браў удзел у «круглых сталах», турзлётах, «Зарніцы». Быў ініцыятарам і ўдзельнікам шматлікіх мерапрыемстваў патрыятычнай скіраванасці.

Мікалай Філіпавіч быў заняты кожны дзень. Яго заўсёды былі рады бачыць прадстаўнікі розных пакаленняў. Прымудроны досведам, выдатны апавядальнік, вельмі таварыскі, добразычлівы, ён карыстаўся павагай і аўтарытэтам у дзяцей і дарослых, у ветэранаў і кіраўніцтва раёна. І да апошняга часу яго можна было ўбачыць на гарадскіх мерапрыемствах, у школах і працоўных калектывах.

Мікалай Філіпавіч казаў, што лічыць Беларусь сваёй другой радзімай: «Люблю яе, хварэю за яе». І на сустрэчах з моладдзю, у працоўных калектывах заклікаў: «Любіце Радзіму, будзьце гатовы да яе абароны, працуйце на карысць людзей…»

Такім ён быў. Усё жыццё аддаваў на балазе людзей. Мы будзем памятаць аб ім. І гэтая памяць аб светлым і добрым чалавеку застанецца ў сэрцах тых, хто хоць раз сустракаўся з Мікалаем Філіпавічам Сушковым. Шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Полацкі раённы выканаўчы камітэт.
Полацкі раённы Савет дэпутатаў.
Полацкі раённы савет ветэранаў.

Крыніца:pvestnik.by