Адкрыццё зоны адпачынку, сямейны турнір, выстава... У Полацку ўпершыню праходзіў фестываль шахмат «Учора. Сёння. Заўтра»

08.11.2022

У Полацку ўпершыню праходзіў фестываль шахмат «Учора. Сёння. Заўтра», ініцыятарам якога выступіў Полацкі райвыканкам. Што такое шахматы сёння? Гульня, спорт, форма сацыяльнай камунікацыі? Адназначнага адказу даць нельга... Кожны выбірае для сябе. Але, можна з упэўненасцю сказаць, што гэта эфектыўны сродак разумовага развіцця. У гэтым перакананы арганізатары і ўдзельнікі фестывалю.

Чорна-белая казка

Стартаваў фестываль з сямейнага турніру «Чорна-белая казка». У яркай гульні прынялі ўдзел 18 сем'яў з Полацка і Наваполацка. Арганізатарамі выступілі ПГГ № 1 імя Ф. Скарыны і Полацкі РЦДзіМ пры падтрымцы Рускага Дома ў Мінску, прадстаўнікі якога ўручылі гімназістам 20 гульнявых камплектаў і спецыяльны гадзіннік з дадаткам часу.

На базе ўстановы адукацыі і раней праходзілі турніры, але ў сямейным фармаце «дарослы плюс дзіця» праводзіўся ўпершыню. Да дзяцей падключыліся бацькі, дзядулі і бабулі, - распавяла Ірына Доўгіх, дырэктар ПГГ №1 імя Ф. Скарыны.

Падчас насычанай барацьбы, вызначыся пераможцы: дыплом I ступені - Раман і Мікалай Аляксандравіч Рудзянок, дыплом II ступені - Анастасія і Уладзімір Валянцінавіч Капыловы, дыплом III ступені - Віктар і Сяргей Мікалаевіч Рудзянок.

Падарунак гораду

Другі дзень фестывалю азнаменаваўся значнай падзеяй. У рамках праекта «Падарунак любімаму гораду» на алеі па праспекце Францыска Скарыны адбылося адкрыццё эскізнай кампаноўкі малых архітэктурных форм «12 крэслаў». Незвычайная зона адпачынку з'явілася дзякуючы прадстаўніцтву Рассупрацоўніцтва. Ініцыятарам праекта стаў Аляксандр Лукашок, галоўны канструктар ТАА «Гідрапрэс», старшыня ГА «Саюзны дзелавы клуб Авангард» і старшыня Наваполацкага клуба шахмат і шашак.

— Падобныя зоны адпачынку бачыў у Белгарадзе, Мюнхене, у некалькіх гарадах Расіі, у Беларусі такога няма. Вырашыў, што гэта цудоўны праект для развіцця Полацка і шахматнага руху. Праект адобрылі ў Полацкім райвыканкаме, падключыў Рускі Дом у Мінску, - дзеліцца Аляксандр Мікалаевіч.

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі ганаровыя госці Юрый Макушын, кіраўнік Рускага Дома ў Мінску, Святлана Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама і Аляксандр Лукашок. Ім і далі права перарэзаць чырвоную стужачку.

Зона адпачынку складаецца з трох сталоў з шахматнай разметкай і чатырма крэсламі каля кожнага і таблічкай у выглядзе шахматнага каня. Вытворцам дадзенай кампазіцыі з'яўляецца расійская фірма ТАА «МАФЛАБ». Малыя архітэктурныя формы дастаткова трывалыя, створаны з бетону з украпленнем гранітнай крошкі і керамікі.

Далі старт працы зоны адпачынку «12 крэслаў» Андрэй Броўка, кіраўнік шахматнага клуба «Дэбют» ПГГ №1 імя Ф. Скарыны, Святлана Валюшкіна, навучэнцы школ Варвара Мялешка, Соф'я Апанёнак і Раман Дасюк. Дарэчы, першую партыю сыграў і робат, якога стварылі выхаванцы гуртка робататэхнікі Полацкага РЦДзіМ Мікіта Карла і Аляксей Брын.

— На зборку і праграмаванне пайшло каля тыдня, хлопцы ставілі задачу, каб робат змог зрабіць крок ці два супраць жывога гульца шахматнай партыі. У іх атрымалася, - рэзюмавала Васіліна Брыль, кіраўнік гуртка.

Шах і мат

Другі дзень фестывалю працягнуў сеанс адначасовай гульні, які прайшоў на базе ПГГ №1 імя Ф. Скарыны. Супраць 30 школьнікаў змагаўся Раман Дасюк, выхаванец Наваполацкага клуба шахмат і шашак, выпускнік Цэнтра дашкольнага дзяцінства і інавацыйных тэхналогій развіцця «УНІВЕРык» Полацкага дзяржуніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Нягледзячы на ​​свой узрост, Раману 10 гадоў, ён з'яўляецца шматразовым чэмпіёнам першынства вобласці па шахматах, чэмпіёнам першынства Беларусі. Ён атрымаў права ўдзельнічаць у першынствах свету і Еўропы.

Шахматы ў гады вайны

Пакуль дзеці змагаліся на шахматным полі, дарослыя і госці мерапрыемства змаглі азнаёміцца ​​з выставай «Ход лёсу: руская партыя». Гэта яшчэ адзін сумесны праект Полацкага райвыканкама, Рускага Дома ў Мінску і Аляксандра Лукашка. Афарміцелем выставы з'яўляецца Дзмітрый Рубанік - віцебскі мастак, дызайнер, паэт.

— За месяц Дзмітрый прапрацаваў больш за 50 прозвішчаў вялікіх шахматыстаў, чэмпіёнаў БССР і СССР, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся за Радзіму, — дзеліцца Аляксандр Лукашок.

У экспазіцыі адлюстраваны вехі развіцця шахматнага спорту падчас Вялікай Айчыннай вайны. Глядач можа пазнаёміцца ​​з такімі людзьмі як Сяргей Белавенец, Ісаак Мазэль, Леў Каеў, Уладзіслаў Сіліч, Марк Стольберг, Гаўрыіл Верасаў, якія пранеслі любоў да Айчыны і шахмат. Арганізатары плануюць прадоўжыць работу над праектам і ў бліжэйшы час выставіць матэрыялы на электронную платформу.

Юрый Макушын, кіраўнік Рускага Дома ў Мінску: - Дзякуем Полацкаму райвыканкаму і Саюзнамуы дзелавому клубу «Авангард» за магчымасць узяць удзел у праекце. Гэта яшчэ адзін добры прыклад расiйска-беларускага супрацоўніцтва. Упэўнены, што пляцоўка будзе карыстацца папулярнасцю ў палачан і гасцей горада і служыць добрым мэтам многія гады.

Святлана Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама: - Рада, што адраджаецца шахматны рух на Полаччыне. Любоў да прыгожых паядынкаў мы прывіваем нашым дзецям. З 2019 года на базе ПГГ №1 імя Ф. Скарыны стаў дзейнічаць шахматны клуб, дзякуючы вопытным педагогам мы змаглі арганізаваць турнір «Полацкая ладдзя». А фестываль і новая зона адпачынку - яшчэ адзін спосаб далучыць больш людзей да лагічнай гульні, якая спалучае ў сабе элементы мастацтва, навукі і спорту.

ВІДЭА

Больш фота глядзець тут.

Фота Віктара ЧАРНЯЎСКАГА і з архіва ўстановы адукацыі.

Крыніца: pvestnik.by