Чаму праект называецца «ТэкСтыльная вегетацыя»? З біялогіі ўсім знаёма паняцце вегетацыя - рост і развіццё раслін. На думку мастачкі, як расліна расце і развіваецца, так і мастак у пошуку новых форм праходзіць розныя этапы творчага развіцця і ўдасканалення. Вегетацыя ж мае на ўвазе развіццё творчага мыслення далёка за межы разумнага, пашыраючы межы тэкстыльнага мастацтва і вызначаючы новыя тэхнікі і тэхналогіі. Вынік вегетацыі - нараджэнне неардынарных творчых задум, стварэнне аўтарскіх тэкстыльных кампазіцый.
У Полацк на прэзентацыю гэтага праекта падтрымаць і павіншаваць мастачку прыехаў Міхаіл Цыбульскі — кандыдат мастацтвазнаўства. Ён ярка і шчыра ахарактарызаваў творчасць Таццяны Ігараўны, захапіўся нястомнай і карпатлівай творчай работай мастачкі і яе імкненнем да стварэння незвычайнага і новага тэкстыльнага мастацтва.
У экспазіцыі выставы прадстаўлена больш за 30 аўтарскіх тэкстыльных кампазіцый, сярод якіх праект «Белы шум» — сумесная работа Таццяны Макляцовой і Святланы Баранкоўскай.
Над праектам мастачкі працавалі каля года, выкарыстоўвалі для габеленаў паперу з рукапіснымі тэкстамі, газеты, капіявальную паперу і іншыя матэрыялы. Праект «Белы шум» - своеасаблівы пратэст супраць інфашумаў, сучаснага свету, якія атачаюць нас паўсюль і адцягваюць ад сапраўдных каштоўнасцяў, тлумачыць Таццяна Макляцова. Гэты праект атрымаў гран-пры IV Беларускай трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Выстава будзе працаваць з 28 кастрычніка да 28 лістапада ў залах Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка з 10.00 да 17.00, акрамя панядзелка.
Фота Кірыла Смалякова
Крыніца: pvestnik.by


















