Сёння мы пазнаёмім вас, дарагія чытачы, з адной з прадстаўніц гэтай слаўнай кагорты завадчан.
Як многія іншыя калегі, Наталля Карнейчык, размотчык шклоніці цэха №8, успамінаючы сваю першую сустрэчу з прадпрыемствам, прызнаецца, што была здзіўлена яго маштабамі і шчыра сумнявалася, ці здолее як след асвоіць новую справу. Але праз 15 гадоў ужо і ўявіць не можа іншага працоўнага шляху. «Гэта мой родны завод і мая любімая прафесія», — кажа Наталля Аляксандраўна.
А ў 2007 годзе яна, учорашняя выпускніца школы, ва ўсе вочы глядзела, як спрытна спраўляюцца з абсталяваннем старэйшыя калегі. Першы час працавала пад кіраўніцтвам настаўнікаў, затым самастойна. Упэўненасць, прага да працы прыйшлі праз пару гадоў. «Цяпер ужо ўсё вельмі падабаецца. І сам працэс, і людзі, якія побач, і наш пазменны графік. Нават не ўяўляю, як іншыя з 8.00 да 17.00 працуюць», — усміхаецца Наталля і дэталёва, з веданнем справы, распавядае пра тое, што раней ёй здавалася такім складаным. Аб зачыстцы шпулек, змазцы абсталявання, замене бегункоў, новых запраўках…
Наталля Карнейчык, выдатна спрацаваўшыся са сваёй пастаяннай напарніцай Ірынай Марачкоўскай, паспяхова спраўляецца з пастаўленымі вытворчымі задачамі. І нядаўна высокі ўзровень кваліфікацыі пацвердзіла ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых рабочых ААТ «ПСВ», заняўшы ганаровае I месца. Аднак, па словах пераможцы, нягледзячы на існуючы багаты вопыт, здаваць гэты своеасаблівы «экзамен на майстэрства» было для яе вельмі хвалююча:
- Я заўсёды перажываю, калі трэба ў чымсці паўдзельнічаць. Хоць цяжкасцяў ні з тэарэтычным, ні з практычным заданнем не ўзнікла: гэта ўсё, з чым мы сутыкаемся ў сваёй штодзённай працы.
Аднак, нягледзячы на такую эмацыйнасць, Наташа ахвотна адгукаецца, уключаецца ў грамадскія мерапрыемствы. Разам з мужам удзельнічала ў праекце «Мая сям'я — мае вытокі», была на турзлёце, маладзёжным форуме, сплаўлялася на байдарцы, а яшчэ ў завадскім конкурсе «Рыхт-у-рыхт» з калегамі прадстаўляла групу «Срэбра».
Сыны Наталлі Аляксандраўны - дзесяцігадовы Павел і трохгадовы Цімафей — не толькі ведаюць, дзе яна працуе, але і ў суботніках разам з ёй удзельнічалі, дапамагалі прыбіраць тэрыторыю на возеры Суя.
«А старэйшы быў з намі на байдарачным сплаве, — распавядае актыўная мама. — І да бабулі ў Гваздова з ім ездзім на веласiпедах». У коле захапленняў Наталлі таксама чытанне кніг, у прыватнасці рускай класікі. «Вельмі цікава, пра што раней людзі думалі, чым жылі», — тлумачыць суразмоўца свае літаратурныя перавагі.
Вось такая яна, наша завадчанка Наталля Карнейчык. Выдатная працаўніца, актывістка, спартсменка і дзяўчына з групы «Срэбра»!
Фота Марыны ПЕТРАЧЭНКА.
Крыніца: pvestnik.by


















