Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланай Адзінцовай наведалі шэраг аб'ектаў.
У Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы азнаёміліся з умовамі захоўвання садавінагароднінай прадукцыі, арганізацыяй працы. Прадпрыемства ажыццяўляе нарыхтоўку 14 відаў прадукцыі ад насельніцтва, фермерскіх гаспадарак з далейшай яе рэалізацыяй праз сваю гандлёвую сетку, а таксама забяспечвае агароднінай установы адукацыі раёна, прымае ўдзел у кірмашах. На прадпрыемстве праводзіцца граматная палітыка цэнаўтварэння. У гэтым удзельнікі рабочай групы пераканаліся і пры наведванні гандлёвага аб'екта нарыхтоўчай канторы. Таксама ў цэнтры ўвагі - эфектыўнасць выкарыстання плошчаў, праца з арандатарамі, добраўпарадкаванне тэрыторый.
Святлана Адзінцова наведала аптэку №77 РУП «Фармацыя». У ходзе праверкі Святлана Уладзіміраўна абмеркавала з загадчыкам Ларысай Сарокінай новаўвядзенні па фарміраванні цэн, азнаёмілася з наяўнасцю лекавых сродкаў.
Маніторынг паказаў: дэфіцыту прэпаратаў няма, а кошт на некаторыя групы лекавых сродкаў стаў ніжэйшым. Асартыментны пералік тут па-ранейшаму шырокі. Няма праблем і з імпартам.
Падчас маніторынгу міні-маркета «Любімы» ААТ «Полацк-гандаль», размешчанага па вул. Еўфрасінні Полацкай, разам з намеснікам дырэктара гандлёвага прадпрыемства Людмілай Лось абмеркавалі выкананне пастановы Саўміна №713 «Аб сістэме рэгулявання цэн», захаванне асартыментнага пераліку, якасць прадукцыі, узровень гандлёвага абслугоўвання.
Не засталася без увагі і праца ААТ «Полацк-гандаль» у частцы фармавання стабілізацыйнага фонду. Да 1 лістапада неабходна закласці на захоўванне 120 тон садавінагароднінай прадукцыі: бульбы, капусты, буракоў, цыбулі, морквы, яблыкаў. Работы ідуць актыўна. У цэлым парушэнняў не зафіксавана.
«Выбар тавараў разнастайны. Усе прадукты харчавання, якія грамадзяне купляюць у сваім звычайным жыцці, прадстаўлены ў шырокім асартыменце», - адзначыў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч.
Фота Надзеі Калужонак.
Крыніца: pvestnik.by