А тое, наколькі ўдалым атрымліваецца выступ, шмат у чым залежыць і ад прафесіяналізму тых, хто застаецца «за кадрам». І ў гэтым плане працу гукарэжысёра цяжка пераацаніць. У нашым горадзе ўдзельнікам і шматлікім гледачам мерапрыемстваў і канцэртаў добра знаёмы майстар сваёй справы Станіслаў Шарстук — тэхнік па гуку Цэнтра культуры «Полацк».
Як усё пачыналася…
«Мне заўсёды падабалася важдацца з тэхнікай, цікавіўся, як тое ці іншае абсталяванне працуе, з якіх элементаў складаецца», — успамінае Стас.
…У 2006 годзе ў мікрараёне Аэрапорт адкрылася СШ №18 імя Еўфрасінні Полацкай. У навучальнай установе выпускалі радыёгазету. Стаса Шарстука, тады вучня 6 класа, прыцягнула аб'ява аб тым, што патрабуецца чалавек, які захапляецца музыкай, якому цікава развіваць новы для школы кірунак. Прыйшоў, убачыў - спадабалася! Юнак разам з педагогам-арганізатарам Аляксандрам Барысевічам манціравалі радыёгазеты, стваралі відэаролікі, удзельнічалі ў розных конкурсах. Сярод значных перамог - першае месца ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых СМІ сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Нечаканая прапанова
Выхад на новую прафесійную прыступку адбыўся нечакана. У 2011 годзе гарадское свята, прысвечанае Дню настаўніка, праходзіла ў СШ №18 імя Ефрасінні Полацкай. «У той час канцэртная зала Полацкага ГДК была закрыта на рамонт і многія гарадскія мерапрыемствы праходзілі ў нашай школе. У Полацку з гукам тады працаваў прафесіянал сваёй справы, гукарэжысёр ГДК Дзмітрый Багрыеў. Перад пачаткам мерапрыемства ён якраз і настройваў гук, а я знаходзіўся побач, вучыўся, дапамагаў», — успамінае Стас.
Ужо праз год, у 2012-м, таленавітаму маладому чалавеку Дзмітрый прапанаваў папрацаваць з ім на юбілейным Дні горада. Станіслаў пагадзіўся: гэта было ганарова і вельмі адказна. А галоўнае - хлопец атрымаў неацэнны вопыт. У далейшым будзе нямала сумесных праектаў, працуючы над якімі Станіслаў Шарстук стане ўпэўнены ў выбары жыццёвага шляху.
Вучоба+праца
Падчас вучобы ў Полацкім эканамічным каледжы Стас працягваў працаваць у якасці гукарэжысёра, асвоіў мантаж аўдыё- і відэаматэрыялаў. Студэнцкія гады праляцелі хутка. Нават падчас службы ў войску Стас не раставаўся з каханай справай: займаўся абслугоўваннем сродкаў відэаназірання. Па вяртанні пачаў працаваць тэхнікам па гуку ў Полацкім ГДК. Пастаянна ўдасканальваў свае навыкі, навучаючыся на розных курсах па асновах гукарэжысуры канцэртнай дзейнасці.
У 2019 годзе Станіслаў Шарстук перайшоў у калектыў, які толькі ўтварыўся, - ЦК «Полацк». Прызнаецца, што працаваць было цікава: новая гукаапаратура, тэхніка, іншы рытм, фармат.
Прафесіянал
Запіс фанаграм для канцэртаў, спектакляў, танцавальных пастановак, гукавое суправаджэнне мерапрыемстваў — праца ў тэхніка па гуку вельмі творчая. Галоўнае ў прафесіі - уменне слухаць і тварыць. «Я радуюся, калі ўсё атрымліваецца: і складаная тэхніка працуе спраўна, і артысты своечасова выйшлі на сцэну, і мікрафоны былі ўключаны своечасова», — зазначае наш суразмоўца.
Важная якасць, якую мае Станіслаў Шарстук, — адказнасць. Бо канцэрт можа доўжыцца і дзве, і тры гадзіны. І ўвесь гэты час ён знаходзіцца ў моцнай напрузе. Яго праца - гэта частка канцэрта або шоу. І ад яго шмат залежыць.
«Мне цікава прафесія. Я раблю тое, што ўмею, і гэта прыносіць радасць, задавальненне. А яшчэ шаныя зносіны на канцэртных пляцоўках ці мерапрыемствах, усё роўна, з вядомымі артыстамі або мясцовымі музыкамі. Яны даюць мне каласальны досвед», — дзеліцца ўражаннямі Стас.
Галоўнае - каманда
Майстра сваёй справы заўважаюць далёка за межамі раёна. «Неаднаразова паступалі прапановы па працы ў іншых месцах, але я палачанін, мне падабаецца горад, у нас выдатныя таленавітыя артысты і калектывы. Тут я знайшоў сябе, адбыўся і стараюся развівацца. Тым больш побач сапраўдная падтрымка - і дзелавая, і эмацыйная. Другая палоўка, Кацярына Харак, - мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры», - прызнаецца Станіслаў. - У нас выдатная каманда: побач са мной шмат гадоў плячо да пляча працуе інжынер-праграміст Ілля Папоў. Важна, калі можна на камусці даверыцца, атрымаць падтрымку».
Прафесіяналізм Станіслава Шарстука заслужана ацэньваецца на розных узроўнях. За дасягнутыя ў 2021 годзе вынікі работы імя тэхніка па гуку ЦК «Полацк» занесена на Дошку гонару Полацкага раёна.
Нават у насычаным графіку Станіслаў Шарстук імкнецца знаходзіць час на актыўны адпачынак. А яшчэ хоча рэалізаваць цікавы праект — арганізаваць гурток для падлеткаў і навучаць іх майстэрству гукарэжысёра.
Станіслаў Шарстук:
— Калег па сцэне, артыстаў, творчыя калектывы віншую з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры. Няхай у вашым жыцці будзе больш пазітыву, весялосці і ўдзячных гледачоў! Творчасці і невычэрпнага натхнення для дасягнення новых вышынь!
Фот Іллі ШВЯДКО і з асабістага архіва Станіслава ШАРСТУКА.
Крыніца: pvestnik.by