У Полацкім гарадскім Палацы культуры адбудзецца ўрачысты канцэрт, прысвечаны 30-годдзю Полацкага пагранічнага атрада

06.10.2022

У рамках святкавання 30-годдзя з дня ўтварэння Полацкага пагранічнага атрада 7-га кастрычніка ў Полацку адбудзецца святочны канцэрт.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прымуць удзел ваеннаслужачыя, ветэраны і работнікі Полацкага пагранiчнага атрада. Запрошаны прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, кіраўніцтва Віцебскай вобласці і прыгранічных раёнаў, а таксама кіраўнікі ўзаемадзейнічаючых структур і арганізацый.

Ва ўрачыстай частцы — узнагароджанне лепшых вайскоўцаў Полацкага пагранiчнага атрада. Для гасцей мерапрыемства будзе арганізавана выстава ўзораў узбраення і спецыяльных сродкаў, узораў ваеннай формы адзення пагранічнікаў, а таксама тэхнічных сродкаў пагранічнага кантролю і паказ відэафільма, створанага спецыяльна да памятнай даты.

Прыемным падарункам для гасцей урачыстасці стане выступленне Ансамбля органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Музыканты з Мінска прадставяць сваю канцэртную праграму, у якой усе госці пачуюць як упадабаныя хіты розных гадоў, так і зусім новыя кампазіцыі і музычныя нумары.

З 13 гадзін будзе арганізавана дэманстрацыя ўзораў узбраення і форменнага адзення, а ў 14.00 пачнецца ўрачыстае мерапрыемства з канцэртнай праграмай.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць урачысты канцэрт.

Уваход вольны.

Паводле інфармацыі Полацкага пагранічнага атрада.

Фота надзеі КАЛУЖОНАК.

Крыніца: pvestnik.by