Жыхар Полацка пасля зносін з кібэрмахлярамі страціў амаль 16 тысяч рублёў

04.10.2022

На тэрыторыі Віцебскай вобласці працягваюць рэгістравацца факты крадзяжоў грашовых сродкаў з рахункаў грамадзян. Адзін з іх адбыўся ў Полацку, паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Мясцовы жыхар у сацыяльнай сетцы натрапіў на рэкламную прапанову прайсці невялікі тэст і паўдзельнічаць у розыгрышы. Мужчына адказаў на некалькі нескладаных пытанняў і заканамерна стаў пераможцам.

Каб атрымаць прыз у памеры двухсот рублёў, яму было прапанавана зарэгістравацца на сайце аднаго з банкаў, што ён і зрабіў. Прайшоўшы рэгістрацыю, ён увёў дадзеныя сваёй банкаўскай карты і чакаў паступлення грошай. Аднак, мужчына не звярнуў увагі на адрас і дамен старонкі, на якой ён праходзіў рэгістрацыю і ўводзіў свае персанальныя дадзеныя. Сайт апынуўся ашуканскім. Такім чынам, кіберзлачынцы завалодалі звесткамі, якія дазволілі перавесці з рахунку палачаніна амаль 16 тысяч рублёў асабістых назапашванняў на свае рахункі.

Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Упраўленне па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Віцебскага аблвыканкама папярэджвае:

Не ўводзіце персанальныя дадзеныя на старонках, атрыманых ад невядомых.

Заўсёды правярайце адрас і дамен перш, чым увесці свае персанальныя дадзеныя на інтэрнэт-старонцы.

Пераходзіце ў свой інтэрнэт-банкінг толькі з галоўнай старонкі банка.

Фота з адкрытых крыніц.

Крыніца: pvestnik.by