— Мне 76 гадоў, — расказвае Юлія Аляксандраўна, — але, як спяваецца ў вядомай песні, «старасць мяне дома не застане»: жыву актыўна, з маладым запалам, гатова ўсім ахвяраваць дзеля дапамогі людзям.
Камітэту грамадскага самакіравання (КГС) мікрараёна ў складзе 7 прымудроных жыццёвым вопытам пенсіянераў пад сілу многія задачы: пачынаючы ад добраўпарадкавання тэрыторый, рамонту дарог і заканчваючы вырашэннем бытавых пытанняў і сямейных канфліктаў. «Па 5-му Тросніцкаму завулку нельга было з-за дрэннай дарогі прайсці ў нядаўна адкрыўшуюся краму «Святлафор». Звярнуліся да індывідуальнага прадпрымальніка Волкава, у Полацкі райвыканкам, зараз прыводзіцца ў парадак ліўневая каналізацыя, — пачынае аповед пра добрыя справы кіраўнік КГС Юлія Дубініна і працягвае: — У інтэрнаце дах адрамантавалі, на дарозе замянілі асфальт, аднаму жыхару дапамаглі аднавіць дакументы для прызначэння пенсii, зараз праводзім маніторынг гатоўнасці жылых дамоў да ацяпляльнага сезона».
Як я ўдзячна жыхарам, якія па сваім жаданні разбіваюць каля дамоў клумбы! Я дзялюся з імі расадай, каб у дварах было прыгожа! — адзначыла актывістка.
На свае паседжанні актывісты збіраюцца па меры неабходнасці. Планамі і ідэямі, як палепшыць жыццё ў мікрараёне, яны дзеляцца з дэпутатам Полацкага раённага Савета па Гагарынскай выбарчай акрузе № 20, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Полацкага райвыканкама Святланай Касьянавай. Дэпутат унікае ў праблемы сваіх выбаршчыкаў і імкнецца дапамагчы.
Яе аднадумцы — Галіна Рабіза і Наталля Акачонак — згаджаюцца, што шмат што ў мікрараёне для камфортнага жыцця могуць зрабіць самі жыхары. Напрыклад, падтрымліваць парадак у пад'ездах і на прыдамавых тэрыторыях.
«Юлія Аляксандраўна, раскажыце пра актыўнае жыццё на пенсіі», — звяртаюся да суразмоўцы. І чую ў адказ, што яна з задавальненнем працуе на дачы, атрымлівае задавальненне ад аказанай камусці дапамогі. «Злятала ўлетку ў Сібір на вяселле пляменніка, унука ажаніла ў Мiнску, ад зносін з людзьмі напаўняюся жыццёвай сілай», — прызналася пенсіянерка.
З актывістамі КГС, за якімі замацаваны дамы мікрараёна, ахвотна супрацоўнічаюць спецыялісты розных служб. Такое ўзаемадзеянне дапамагло мікрараёну «Ноўка» змяніцца, многія пажаданні жыхароў вуліц Трасніцкай, Буйніцкага, Суворава, З. Партновай, Трасніцкіх завулкаў задаволены.
На здымках: актывісты камітэта грамадскага самакіравання мікрараёна «Ноўка» Н.В.Акачонак, Ю.А.Дубініна (старшыня КГС), Г.І.Рабіза; пенсіянеркі з мікрараёна «Ноўка» бавяць час з карысцю ў гуртках па інтарэсах.
Крыніца: pvestnik.by