Народны фальклорны ансамбль «Галасы спадчыны» Багатырскага СДК добра вядомы не толькі на Полаччыне. Яму больш за 50 гадоў. Склад калектыву абнаўляецца, але вось ужо амаль 40 гадоў ягонай нязменнай удзельніцай застаецца Людміла Ксынкіна. Ёй 85. Прыйшла ў ансамбль па запрашэннi яго арганізатара Веры Пісюковай.
— Яна пачула, як я спяваю, — успамінае Людміла Іванаўна. - Калі жылі ў Данецкай вобласці, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Але выконвала сучасныя песні, рамансы… У калектыве мы з Верай падчас выступаў на сцэне стаялі побач, і, калі «пацягну не туды», яна неўзаметку мяне «тык» у бок, — смяецца мая суразмоўніца. — «Галасы спадчыны» не даюць старэць душой».
…Бяседуем з Людмілай Іванаўнай у яе кватэры ў в.Багатырскай. Гляджу на жанчыну і дзіўлюся: ну ніяк не дасі ёй яе гады! І гэта пры тым, што жыццё паднесла ёй нямала выпрабаванняў.
Сама родам з Полацка. Дзяцінства ўспамінаецца эпізодамі. Самы страшны, калі яе разам з мамай і іншымі палачанамі немцы везлі ў Германiю. Голад. Прага. На адной са станцый маці ўдалося саскочыць з цягніка па ваду. І вось састаў крануўся, а яе няма... Шасцігадовая Люда - у слёзы. Нават калі мама вярнулася (яна паспела заскочыць у апошні вагон), дзяўчынка яшчэ доўга не магла ачуцца. Нямецкі канцлагер «Дахаў» запомніўся дымлівай чорнай трубой… А потым было жыццё ў бауэра. Мама надглядала кароў, якіх у гаспадарцы было нямала, а задача дзіцяці была збіраць яйкі ў куратніку. І яна ўпотай ад гаспадароў падкормлівала маму…
Пасля вызвалення прыехалі ў Полацак. Бацька з фронту не вярнуўся (ужо пазней родныя даведаліся, што ён жывы, ажаніўся і знаходзіцца ў Ленінградзе), і маці другі раз выйшла замуж. З'ехалі ў г.Харцызск Данецкай вобласці. Больш за 20 гадоў жыла там. Вучылася, працавала выхавацелем у дзіцячым садку, выйшла замуж, гадавала сына і дачку. Ужо сваёй сям'ёй задумалі будаваць хату. А які заробак у выхавацеля!? Перакваліфікавалася - скончыла курсы машыністаў казлавога крана. Дом пабудавалі - толькі жыць і радавацца. Але лёс здзейсніў новы паварот: разышлася з мужам і вярнулася ў Полацак.
Людміла Ксынкіна 25 гадоў адпрацавала кранаўшчыцай спачатку ў вагонным дэпо Полацка, а потым у Полацкай сельгастэхніцы. У 1992 годзе пайшла на пенсію, але працаваць працягвала. І спяваць. Тады яна ўжо была ў складзе «Галасоў спадчыны».
— Вядома, ужо не працую, — кажа мая суразмоўніца. - Але без песні не магу. Рэпеціруем, выступаем. Вось і зараз будзем удзельнічаць у канцэртах да Дня пажылых людзей, Дня маці.
Як распавяла Людміла Іванаўна, з аднаго боку, яна - чалавек актыўны, на яе гародзіку заўсёды парадак, а вынікі працы на зямлі - у вялікай колькасці нарыхтовак на зіму. З іншага, ёй і адной не сумна. Шмат чытае, асабліва любіць творы філасофскага напрамку. Займаецца скандынаўскай хадзьбой. Ну і, канешне, як без падтрымкі родных? Дачка Ірына з мужам жывуць у Сочы. А сям'я ўнука Дзмітрыя тут, у Багатырскай. «Вельмі люблю ўсіх, - кажа Людміла Іванаўна. — А мае залатыя праўнукі другакласнік Святаслаў і першаклашка Ксюша — зарад бадзёрасці, станоўчых эмоцый, радасць і шчасця!».
Фота Любові Трапезнікавай.
Крыніца: pvestnik.by


















